Чароўны настрой і ўсплёск эмоцый падарыла гледачам тэатралізаванае прадстаўленне па матывах рускай народнай казкі «Варвара-краса, доўгая каса».
Жыў ды быў цар Ерамей. Адправіўся ён са сваімі падданымі ў доўгі паход на цэлы год, каб скласці вопіс маёмасці і неабсяжных зямель царства. Адчуў смагу, нахіліўся ў калодзеж, каб вады напіцца, а там схапіў яго падводны цар Цуда-Юда. За вызваленне запатрабаваў выкуп. Ерамей згадзіўся, нават не здагадваючыся, што за сваю свабоду давядзецца аддаць сына, якога Царыца нарадзіла ў яго адсутнасць. І тут пачаліся каварствы ды інтрыгі.
Яны разгортваліся на сцэне раённага Дома культуры 25 і 26 снежня. Прадстаўленне падрыхтавалі яго работнікі разам з таленавітымі і ўжо добра вядомымі гледачам Адзілам Валіевым, Аляксандрам Бандарэнкам, Паўлам Міхалевічам, Яўгеніем Гатоўчыкам, Веранікай Сіланавай і іншымі самадзейнымі артыстамі. Яны, а таксама Таццяна Кухальская, Алена Слядзеўская выконвалі ролі асноўных казачных персанажаў. Дзякуючы ім і дзіцячым творчым калектывам гледачы трапілі ў чароўны казачны свет і ў чарговы раз упэўніліся ў тым, што дабро заўсёды перамагае зло. Вось і ў казцы сын рыбака Андрэй і дачка Цуды-Юды Варвара, сустрэліся і пакахалі адно аднаго.
Больше фото в группах в Одноклассниках и ВКонтакте
Як і ў мінулыя гады, казачная дзея суправаджалася танцавальнымі, цыркавымі нумарамі. Было шмат прэм’ерных паказаў. У пастаноўцы ўдзельнічалі выхаванцы ваенна-спартыўнага клуба «Азімут», аддзялення вольнай барацьбы і баксёры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.
— Кожная пастаноўка — гэта вялікая калектыўная праца, — адзначыла дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк. — Падбор артыстаў на выкананне роляў, выраб касцюмаў, рэпетыцыі… І ў рэшце рэшт — найвышэйшая ўзнагарода — гучныя апладысменты гледачоў і цёплыя, шчырыя водзывы пасля прадстаўлення. Дзякуй усім, хто прыйшоў на мерапрыемства і высока ацаніў майстэрства ўдзельнікаў.
Больше фото в группах в Одноклассниках и ВКонтакте
Анна Анішкевіч. Фота аўтара