Кватэру ад дзяржавы атрымаў сёлета юны пастаўчанін Вадзім Казаровец.
Так склаліся абставіны, што з 2009 года хлопчык жыў у райцэнтры ў прыёмнай сям’і. Дзякуючы любові і клопату, мудраму выхаванню прыёмнай маці Таццяны Жукавай ён вырас шчырым, адкрытым, мэтанакіраваным.
Вадзім захапляецца музыкай. Закончыў Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Зараз — трэцякурснік Полацкага музычнага каледжа. Займаецца з задавальненнем. Любімы інструмент — скрыпка. У сакавіку юнаку споўнілася 18 гадоў, а ў верасні рашэннем райвыканкама яму выдзелілі сацыяльнае жыллё.
— Кватэра аднапакаёвая, з усімі выгодамі, светлая, цёплая, утульная — 39 квадратных метраў, ёсць лоджыя, — радуецца за прыёмнага сына Таццяна Міхайлаўна. — Мы зрабілі ў ёй касметычны рамонт, купілі вадкакрысталічны тэлевізар, халадзільнік, мікрахвалевую печ, іншыя бытавыя рэчы. Жартую, што Вадзім ужо можа жаніцца, бо мае ўсё для сямейнага жыцця. А калі сур’ёзна, то ў яго зусім іншыя планы.
Сам малады гаспадар кватэры, здаецца, яшчэ не зусім усведамляе, які каштоўны падарунак атрымаў ад дзяржавы. Яго па-ранейшаму больш вабіць дом прыёмнай мамы, у якім вырас. Вось і Новы год яны сустрэнуць разам.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Таццяна Жукава