Орган костёла Св. Иуды Тадеуша в Лучае — один из старейших в Беларуси (+видео)

Главное Духовность

Святынь узнёслая душа

З якім музычным інструментам у вас асацыіруецца Пастаўшчына? Думаю, многія назавуць цымбалы, бо міжнародны фестываль народнай музыкі ўжо даўно стаў візітнай карткай нашага горада. Але ёсць і яшчэ адзін інструмент, які мог бы стаць брэндам нашага раёна. Прычым брэндам гучным, велічным і магутным.

Назва яму — арган. Гэты музычны інструмент са шматвяковай гісторыяй справядліва называюць каралём усіх музычных інструментаў. Найперш — за вялікія памеры, надзвычайны дыяпазон гучання, унікальнае багацце тэмбраў. А яго музыку заслужана характарызуюць як боскую, незямную, ачышчальную. У многім таму, што яна галоўным чынам гучыць у касцёлах пры богаслужэннях.

На Пастаўшчыне ёсць ажно чатыры гістарычна значныя арганы: у каталіцкіх храмах у Паставах, Лынтупах, Камаях і Лучаі. Яны гучаць не толькі для мясцовых вернікаў, але і для турыстаў. У 2013 годзе ў раёне ўпершыню быў праведзены самабытны фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны», які стаў адметнай культурнай падзеяй па адраджэнні багатай музычнай спадчыны Беларусі. Мерапрыемства з удзелам вядомых музыкантаў з усёй краіны праводзілася кожную восень, аднак з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі апошнія некалькі гадоў фестываль знаходзіцца «на паўзе».

Орган костёла Св. Иуды Тадеуша в Лучае — один из старейших в Беларуси (+видео)

Адрадзіць традыцыю плануецца вясной 2022 года. Да гэтага часу мы раскажам чытачам «Пастаўскага краю» пра кожны са старажытных арганаў Пастаўшчыны і людзей, якія на іх іграюць. І першы на нашым «музычным» маршруце — лучайскі касцёл.

Каб пачуць яго гучанне, далёка ехаць не трэба: ад Пастаў да Лучая ўсяго 18 кіламетраў. У 1766—1776 гадах тут быў узведзены касцёл Святога Апостала Юды Тадэвуша, які і сёння ўзвышаецца над мясцовасцю. У савецкі час храм быў закрыты і некалькі дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся як складское памяшканне. Вернікам яго вярнулі ў 1991 годзе. Вялікую ролю ў захаванні каштоўнасцей святыні адыграў тагачасны старшыня калгаса імя Суворава Алег Валодзька, які яшчэ ў 80-я «атэістычныя» гады пачаў рыхтаваць будынак пад канцэртную залу арганнай музыкі. Ды і ўвогуле захаваць арган у святыні ўдалося ў многім дзякуючы яго намаганням.

Арган з 12 рэгістраў быў устаноўлены тут у 1811 годзе ўладальнікам Лучая Антоніем Ваньковічам. Ён часткова захаваўся да нашых дзён і з’яўляецца адным з найстарэйшых арганаў у Беларусі.

Вядома, што ў 1834 годзе інструмент быў значна пашко­джаны пажарам, у пачатку ХХ стагоддзя яго грунтоўна адрамантавалі. Аднак у савецкі час арган быў зноў пашкоджаны (верагодна, у гэты час зніклі трубы). Праблему ў 1990-я гады часткова вырашылі літоўскія майстры, якія адрамантавалі аўтэнтычныя механічныя часткі інструмента і паставілі ў яго 6 новых рэгістраў. Частка трубак была ўзятая з невядомых гістарычных інструментаў, але большасць — самаробныя. На некаторых нават можна было прачытаць надпіс «Сельдь специального посола», бо яны зроблены з бляшанак з-пад кансерваў.

Лучайскі арган – адзіны ў Віцебскай вобласці барочны арган. У Беларусі такія ёсць у касцёлах у Гродне, Пінску, Будславе, Слоніме і яшчэ ў двух дзясятках мясцін Беларусі.

Сёння лучайскі арган можна пачуць на ўсіх святочных службах, радзей ён гучыць падчас нядзельнай святой Імшы. Грае на інструменце ўраджэнка Лучая, а цяпер пастаўчанка Вераніка Сіланава. Мы папрасілі яе сустрэцца ў родным для яе касцёле і сыграць на аргане, праспяваць рэлігійныя песні спецыяльна для «ПК».

Орган костёла Св. Иуды Тадеуша в Лучае — один из старейших в Беларуси (+видео)
За арганам у лучайскім касцёле Вераніка Сіланава

— Я з маленства хадзіла ў гэты касцёл разам з бабуляй, — успамінала Вераніка. — Яна мне часта казала: «Слухай, слухай, як хораша спяваюць, як іграюць!» Тады я і ўявіць не магла, што некалі буду сядзець тут за арганам. Для мяне ігра на ім заўжды была чымсьці боскім, недасяжным.

У касцёле я класа з чацвёртага спявала псалмы, асвоіць арган асмелілася гадоў 10 назад. І хоць раней займалася ў музычнай школе, да ігры на ім прыступала з вялікім хваляваннем. Я і цяпер саджуся за арган з трапятаннем у душы, але і адначасова з удзячнасцю Богу за магчымасць судакрануцца з гэтай высокадухоўнай музыкай. І кожны раз захапляюся родным касцёлам і гучаннем старадаўняга інструмента.

У гэтыя святыя калядныя дні арган зноў загучыць у лучайскім касцёле. Як заўжды, прыгожа і ўрачыста, як гучаў тут два стагоддзі назад і як будзе гучаць для наступных пакаленняў. Што толькі пацвярджае думку: гэта музыка — вечная…

Аўтар выказвае ўдзячнасць краязнаўцу Ігару Пракаповічу і ксяндзу-пробашчу лучайскага касцёла Яўгенію Міхайлаву за інфармацыю для артыкула.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.