Камень-інтрыган
Самым вялікім валуном у Пастаўскім раёне лічыцца Вялікі камень Заўліцкі — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Ён мае даўжыню 4,5 м, шырыню — 3,8 м, вышыню — 1,7 м, абвод — 12,8 м, аб’ём — 15,4 м3. Важыць гэта камлыга каля 40 тон. На ёй лёгка можа памясціцца больш за 10 чалавек.
І вось нечакана з’явіўся камень-інтрыган, які быццам бы мае намер адабраць у Заўліцкага валуна яго першае месца. Адкуль ён узяўся?
Пра гэты валун расказаў і паказаў яго на полі ўжо вядомы па публікацыях у раёнцы знаўца тутэйшых мясцін, жыхар вёскі Пруднікі Збігнеў Колас. Называецца валун Куцухаў камень. Ён ляжыць на ўсходняй ускраіне вёскі Круткі, нязначна ўзвышаючыся над зямной паверхняй. Сваю назву атрымаў па прозвішчы былога гаспадара зямлі, на якой знаходзіцца. Пры Польшчы Куцухаў надзел быў вузкі, а камень ляжаў якраз папярок яго, таму было нязручна араць, садзіць і ўбіраць. А найгорш — вывозіць на поле гной: воз штораз чапляўся коламі за камень. Па просьбе Куцухі спецыялісты-стараверы спрабавалі той валун узарваць. Нарабілі ў ім дзірак, заклалі порах — і рванулі. Знеслі верхнюю частку каменя, таму ён цяпер мае вострыя абламаныя краі. Але большая яго частка так і засталася ў зямлі.
Каб усё-такі пазбавіцца ад гэтай перашкоды, Куцуха склікаў талаку. Сабраліся мужыкі, пачалі капаць каля каменя, але не далі рады: чым глыбей капалі, тым шырэйшы рабіўся валун. Давялося засыпаць раскапаную яму ды пакінуць камень у спакоі. Так і ляжыць ён на полі, зарастае бадыллём і чакае цікаўных і дасведчаных людзей. А што, калі і на самай справе гэты камень самы вялікі не толькі на Пастаўшчыне, але і ўвогуле ў Беларусі?
Над зямлёй яго памеры складаюць 3 метры ў даўжыню, 2,6 метра ў шырыню, а вышыня — 40 сантыметраў. Пакуль што валун не ўзяты пад ахову, хоць па характарыстыках належыць да геалагічных помнікаў прыроды. Паводле легенды, пад гэтым каменем чорт схаваў скарб.
Напэўна, было б цікава паспрабаваць адкапаць той валун. На глячок з золатам і срэбрам надзея слабая, а вось памеры каменя-інтрыгана могуць аказацца ўнушальнымі.
Ігар Пракаповіч. Фота аўтара