«Зюзя на дварэ – куцця на стале»
Узгадваем, як святкавалі Божае Нараджэнне нашы продкі, і апавядаем, як гэтыя традыцыі захоўваюцца на Пастаўшчыне
Божае Нараджэнне здаўна з’яўляецца выключна сямейным святам, калі за сталом збіраюцца толькі родныя. Упэўненая, што і сёння многія адзначаюць яго згодна з традыцыямі продкаў: кладуць пад абрус сена, а на стол ставяць галоўную посную страву — куццю. А ці ведалі вы, што яе ў Беларусі яшчэ называюць сыта? А што назва Каляды паходзіць ад слова «кола», якое ў сваю чаргу сімвалізуе сонца? Гэтыя і шматлікія іншыя факты карэспандэнту «ПК» расказалі ў Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна. Ды што там расказалі — нават стравы, як на Куццю, прыгатавалі!
— 24 снежня заканчваецца пост і распачынаецца цыкл калядных свят, — пачала размову дырэктар цэнтра Ксенія Грэська. — За два тыдні ладзіліся тры Куцці. Посная (яшчэ яе называлі Беднай) была 24 снежня, вызначалася стрыманай урачыстасцю без застолляў і спеваў. Другая — Шчодрая — ладзілася 31 снежня і была гучнай, з разнастайнасцю страў. Пасля яе адзначалі Вадзяную, якая папярэднічала Вадохрышчу.
Колькасць страў на Посную Куццю была рознай, у залежнасці ад дастатку гаспадароў: магло быць і 3-5 страў, і 9-11. У ідэале на стале іх павінна стаяць 12 — па колькасці апосталаў, якія былі каля Ісуса Хрыста падчас Тайнай Вячэры. У дахрысціянскі перыяд яны сімвалізавалі 12 месяцаў у годзе.
У любы час галоўнай стравай на стале была куцця — ячменная ці пшанічная каша, запраўленая мёдам, макам, разынкамі, сушанымі ягадамі. Аднак у розных кутках Беларусі (і нават Пастаўшчыны) былі свае «трансфармацыі».
— У нас на Камайшчыне на стол звычайна ставілі ячневую кашу з макам і мёдам, — працягвала Ксенія Вячаславаўна. — Увогуле, у тым рэгіёне нямала самабытных традыцый. Я і сама хадзіла ў складзе калядных гуртоў, на конях мы і па вёсках ездзілі. Калядавалі па народных «правілах»: з Каляднай зоркай, галоўнымі героямі — Казой, Мядзведзем, Цыганкай… Шмат жартавалі, спявалі. Напрыклад, гаварылі такія словы: «А мы, каляднікі, людзі няпростыя, ідзём кругом света аж ад пана Лета. Мы к лету ідзём і радасць нясём!»
На захадзе Пастаўшчыны, асабліва ў лынтупскім краі, быў распаўсюджаны абрад, якога не было ва ўсходняй частцы рэгіёна і вобласці. Гаворка ідзе пра абрад Трох Каралёў, калі ў складзе каляднага гурта па вёсках хадзілі Смерць з касой, Анёл і непасрэдна Тры Каралі — Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. (Калі хтосьці з чытачоў газеты можа расказаць падрабязней пра гэты абрад, то работнікі цэнтра будуць вельмі ўдзячныя.)
Увогуле, адрадзіць мясцовыя традыцыі — адна з важных задач, якія ставяць перад сабой культработнікі. Вырашыць яе дапамагае акцыя «Святкуем па-беларуску», правядзенне якой яшчэ ў 2016 годзе ініцыявала былая супрацоўніца цэнтра Людміла Чатовіч. Падчас акцыі работнікі культуры ладзяць прадстаўленні з элементамі мясцовых абрадаў, якія раней праводзіліся на Вялікдзень, Грамніцы, Вадохрышча… У наступным годзе запланавана раённае мерапрыемства менавіта пра калядныя звычаі ў розных рэгіёнах Пастаўшчыны.
Скончылася наша размова ў Цэнтры культуры і народнай творчасці… дэгустацыяй. Гаспадыні клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя» прыгатавалі характэрныя для Куцці стравы. Тут быў самабытны «кіслы» аўсяны кісель, зроблены з дабаўленнем хлеба і смажанай цыбулі, сама каша-куцця, салёныя грыбы, рыба, іншыя простыя традыцыйныя стравы, якія і сёлета будуць у многіх каталікоў на вігілійным стале.
Іна Сняжкова. Фота аўтара