І дня не можа без шыцця
Трымаць у руках іголку з ніткай пастаўчанка Раіна Лушчык навучылася яшчэ маленькай дзяўчынкай. Яе мама была добрай швачкай-самавучкай, ад якой дачка і пераняла галоўныя сакрэты шыцця.
— Мне з дзяцінства хацелася штосьці перарабіць, — успамінае Раіна Іванаўна. — Калі сукенка з рукавамі — зрабіць без іх, падкараціць даўжыню ці ўнесці яшчэ нейкія змяненні. У старэйшых класах школы я ўжо шыла сукенкі, спадніцы, блузкі не толькі сабе, але і пляменніцам. Дома была нажная швейная машынка, якую бацька купіў маме адразу пасля вяселля. Калі сама выйшла замуж і з’явіліся дзеці, мама аддала мне гэту машынку. І з таго часу на працягу ўсяго перыяду дэфіцыту ў магазінах я шыла, перашывала, перарабляла і сыну з дачкой, і калегам, знаёмым. Многа за работу ніколі не брала, бо не лічыла сябе прафесіяналам. Але гэта было, хоць і невялікае, грашовае падспор’е.
Кожную рэч Раіна Лушчык імкнулася зрабіць асаблівай. Таму ўборы яе дзяцей заўсёды выгадна адрозніваліся ад таго, што насілі равеснікі. Да гэтага ж прывучыла дачку Алесю, якая таксама вельмі добра шые. І хоць цяпер няма патрэбы самой апранаць сям’ю, па-ранейшаму большую частку гардэроба майстрыхі і яе дачкі складаюць уласнаручна пашытыя рэчы. А калі Раіна Іванаўна бачыць на прылаўках магазінаў адрэзы тканіны, адразу прыкідвае, што з іх можна пашыць.
Не адно дзесяцігоддзе жанчына аддала рабоце выхавальніка ў дзіцячым садку «Крынічка». Нават на пенсіі некаторы час працягвала працоўную дзейнасць. 3 гады назад, канчаткова развітаўшыся з калектывам дашкольнай установы, з галавой пагрузілася ў абрэзкавае шыццё.
— Яно мне настолькі спадабалася, што я ўзяла сшытак і пачала канспектаваць відэаўрокі майстроў у інтэрнэце. Вывучаць, як правільна сшыць кавалачкі тканіны, каб атрымаўся прыгожы квадрат, трохвугольнік, у які бок запрасаваць швы… Тут столькі тонкасцей! Гледзячы на работы іншых, часта хочацца іх паўтарыць. Але ўсё роўна штосьці робіш па-свойму. І гэта так цікава, так захапляльна! Калі шыла на заказ, трэба было дагадзіць кліенту, каб ён застаўся задаволены вырабам. А цяпер я адчуваю поўную свабоду творчасці і атрымліваю задавальненне ад працэсу, — гаварыла мая суразмоўца.
У тэхніцы абрэзкавага шыцця Раіна Іванаўна робіць дэкаратыўныя навалочкі, усемагчымыя прыхопкі для кухні (звычайныя квадратныя, аб’ёмныя ў форме званочкаў, доўгія з кішэнькамі, якімі зручна даставаць з духоўкі гарачы посуд), сурвэткі, сумкі, тэкстыльныя паштоўкі, коўдры. Пры гэтым ніколі не паўтараецца ў вырабах. Бачылі б вы, як акуратна яны пашытыя, колькі ўвагі надаецца дэталям, з якім густам падабрана каляровая гама! Любімы матэрыял майстрыхі — лён. Яго апошнім часам стараецца максімальна выкарыстоўваць. Фотаздымкі многіх работ змяшчае ў «Інстаграме».
Год назад жанчына зарэгістравалася ў якасці рамесніка і цяпер можа не толькі дарыць хэндмэйд-вырабы родным і сябрам, але і прадаваць іх. Некалькі разоў выходзіла са сваім таварам на рынак «Гарызонт». Таксама як член народнага клуба «Майстры» Дома рамёстваў прымала ўдзел у фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах і адпраўляла работы на «Славянскі базар у Віцебску». Вырабы пастаўчанкі зацікавілі гараджан і гасцей гэтых музычных форумаў, некаторыя з іх купілі. Ёсць пакупнікі і зараз, у асноўным з ліку знаёмых, якім хочацца чагосьці эксклюзіўнага.
Набліжаюцца навагоднія святы. І Раіна Іванаўна па традыцыі рыхтуе самаробныя падарункі сваім блізкім. Без шыцця яна не можа пражыць і дня, пастаянна абдумвае ідэі новых работ.
Алена Шапавалава. Фота аўтара