Мастер по валянию из шерсти Людмила Михалевич из Новосёлок создаёт эксклюзивные вещи

Важное Общество

Захапляе і натхняе воўна

Шалікі, шапкі, тапкі, сукенкі, спадніцы і іншыя эксклюзіўныя і вельмі прыгожыя рэчы робіць сваімі рукамі жыхарка аграгарадка Навасёлкі Людміла Міхалевіч. Яна – майстар па валенні з воўны, дасягнула ў гэтым рамястве сапраўднага прафесіяналізму і атрымлівае ад любімага занятку вялікае задавальненне.

Усё пачалося 5 гадоў назад з паездкі ў Літву да сяброўкі, якая занялася валеннем, — расказвала Людміла Яўгеньеўна падчас нашай сустрэчы. — Неяк раз Эдзіта папрасіла дапамагчы ёй раскласці воўну для шаліка. Я ўзяла яе ў рукі — і ўлюбілася ў гэты матэрыял. Тут жа купіла ў магазіне сяброўкі воўны для сябе і, вярнуўшыся дамоў, пачала валіць шалік. Потым яшчэ адзін і яшчэ… Прыходзіла з работы і з галавой акуналася ў новае хобі, забываючы пра час і пра тое, што заўтра трэба рана ўставаць.

Пазней сяброўка прапанавала прыехаць у Вільнюс на майстар-клас па вырабе тапачак. Жанчына, не раздумваючы, згадзілася. Там зрабіла свае першыя тапкі, гордая, прывезла дамоў, і літаральна на наступны дзень іх купіў знаёмы ў падарунак маме. Гэта надало яшчэ больш жадання займацца валеннем, а сам працэс захапіў канчаткова і беспаваротна. Але была работа.

Мастер по валянию из шерсти Людмила Михалевич из Новосёлок создаёт эксклюзивные вещи
Людміла Міхалевіч чаруе над выкананнем чарговага заказу

Шмат гадоў Людміла Яўгеньеўна адпрацавала ў Навасёлкаўскай СШ, у тым ліку два дзесяцігоддзі з’яўлялася намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай, а затым па вучэбнай рабоце. Летам гэтага года прыняла рашэнне звольніцца са школы і цалкам пагрузілася ў любімую справу, выконваючы шматлікі заказы. А яны літаральна адразу пасыпаліся не толькі ад сяброў і знаёмых з Навасёлак і Пастаў, але і з іншых куткоў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа. Майстрыху з залатымі рукамі заказчыкі з усёй Еўропы, ЗША і Канады знахо­дзілі на беларускіх сайтах «Страна мастеров», дзе ў Людмілы Міхалевіч быў уласны інтэрнэт-магазін, і evna.by. Апошнія 2 гады ў сувязі з пандэміяй працуе толькі «на айчынны рынак», змяшчаючы фотаздымкі гатовых работ у Instagram.

Часцей за ўсё ў мяне заказваюць тапачкі, на якія просяць на­біць катоў, сабак, птушак, кветкі, знакі задыяка і іншыя карцінкі, — гаварыла Людміла Міхалевіч. — Работа карпатлівая, тым не менш вельмі цікавая і творчая, развівае фантазію. Некалькі гадоў назад выконвала заказ кінастудыі «Беларусьфільм»: ім трэба было зваліць 10 пар тапак у рэкордна кароткі тэрмін — усяго за 3 дні. Я не спала 3 ночы, але выканала яго. Таксама былі два буйныя заказы з Германіі: адразу на 20 і 8 пар тапак. З Эстоніі заказвалі валёнкі ў рускім стылі. Доўга думала, як такія зрабіць. Урэшце зваліла белыя і ўпрыгожыла іх элементамі паўлавапасадскіх хустак.

З авечай воўны, якую спалучае з шоўкам, віскозай, ангорскай шэрсцю і іншымі матэрыяламі, Людміла Яўгеньеўна стварае па-сапраўднаму ўнікальныя туфлі, чаравікі, камізэлькі, пальчаткі, сукенкі, світары і шмат чаго яшчэ. Рэчы хэнд-
мэйд носіць сама і забяспечвае імі ўсіх родных, у тым ліку сям’ю старэйшага сына, які жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі. Многае па-ранейшаму дорыць знаёмым. Аднойчы, калі была ў гасцях у сына, той завёў у магазін, дзе прадаюць такія вырабы. З сабой узяла некалькі шалікаў. Гаспадыня крамы вельмі высока ацаніла іх і сказала, што хацела б павучыцца ў беларускі, бо ў Амерыцы ніхто так не робіць.


Гэта мая аддушына, маё натхненне, мой свет.

Людміла Міхалевіч


Захапленне майстрыхі цалкам падтрымлівае муж. Ён любіць расказаць і паказаць гасцям, чым займаецца жонка. Абсталяваў для яе ў падвале дома прасторную майстэрню са стэлажамі для матэрыялаў і вялікім сталом для валення. Каб аблегчыць ручную працу, якой вельмі шмат пры стварэнні рэчаў, прыдумаў і ўвасабляе ў жыццё фільцавальную машынку для набівання малюнкаў на лямцы.

У творчай майстэрні Людміла Яўгеньеўна праводзіць амаль увесь час з раніцы да позняга вечара.

Гэта мая аддушына, маё натхненне, мой свет, — кажа яна пра сваё хобі. — Калі валю, я абсалютна не стамляюся, настолькі гэта прыемны і расслабляючы занятак. Ён супакойвае, здымае стрэс, прымушае па-іншаму паглядзець на многія рэчы і ў першую чаргу на саму сябе. Мне настолькі падабаецца валенне, што я гатова не класціся спаць.

Нягледзячы на вялікі практычны вопыт, Людміла Міхалевіч па-ранейшаму працягвае вучыцца, каб яшчэ больш удасканаліць сваё майстэрства. Часам купляе майстар-класы ў інтэрнэце, якія праводзяцца анлайн. Была таксама на вочным майстар-класе па валенні сукенак у Мінску. Падтрымлівае сувязь і абменьваецца вопытам з іншымі майстрамі з Беларусі і замежжа. Разам з тым яна мае ўласных вучаніц. Дзве з іх жывуць у Ляхавічах і Маларыце, дзве — у Паставах. Пастаўчанкі часта наведваюцца ў Навасёлкі, і Людміла Яўгеньеўна шчодра дзеліцца з імі сакрэтамі работы з воўнай.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.