Палац у часопісе і фотаальбоме
Нядаўна ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшаў у свет маляўнічы фотаальбом «Веліч спадчыны. Беларусь і ЮНЕСКА». Ён праз мастацкую фатаграфію прадстаўляе нацыянальныя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, прыродныя помнікі, а таксама нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека. Сярод уключаных у альбом і палац Тызенгаўзаў у Паставах.
Выданне прысвечана памяці Уладзіміра Шчаснага, дыпламата, грамадскага дзеяча і пісьменніка, які ўнёс вялікі ўклад у адраджэнне і захаванне беларускай спадчыны. З 2001-га па 2013 год Уладзімір Рыгоравіч з’яўляўся старшынёй Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. Некалькі разоў прыязджаў у Паставы і, безумоўна, ведаў пра мясцовую жамчужыну — помнік архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў палац Тызенгаўзаў — і пра тое, што яна патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі. Менавіта дзякуючы яго намаганням, палац быў адрэстаўраваны за сродкі ЮНЕСКА.
— Гады 2 назад прадстаўнікі выдавецтва «Чатыры чвэрці» звярнуліся да нас з просьбай даслаць сучасныя фотаздымкі палаца, — расказвала дырэктар раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. — Адправіла ўсе, якія былі. І вось наш палац красуецца на старонках фотаальбома побач з такімі вядомымі помнікамі архітэктуры, як Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Бярэзінскі біясферны запаведнік, замкавы комплекс «Мір», архітэктурны, жылы і культурны комплекс Радзівілаў у Нясвіжы і іншымі аб’ектамі. Лічу, гэта вельмі ганарова!
Фотаальбом «Веліч спадчыны. Беларусь і ЮНЕСКА» — не адзінае выданне, у якім у апошні час з’явіўся палац Тызенгаўзаў у Паставах. Летась рэдактар-выпускальнік часопіса «Беларускі музей» Алег Ладзісаў папрасіў Таццяну Гвідонаўну напісаць артыкул пра музей у скляпеннях старажытнага палаца. Выконваючы просьбу, яна, зразумела, не магла абмінуць увагай сам палац. Расказала пра яго гісторыю і былых уладальнікаў, якое значэнне ён мае цяпер для Пастаў і якім чынам там з’явілася музейная экспазіцыя. Артыкул «Візітная картка Пастаў» надрукавалі ў раздзеле «Архітэктурныя помнікі», дадаўшы да яго шэраг фотаздымкаў, зробленых аўтарам, Іосіфам Цапелікам і Аксанай Журавай. А адзін з іх, з помнікам Антонію Тызенгаўзу, нават вынеслі на вокладку выдання.
Рэдкалегія часопіса засталася задаволеная супрацоўніцтвам з пастаўскім музеем і прапанавала прадоўжыць яго.
— Нам даслалі тэмы новых публікацый, — працягвала Таццяна Гарошка. — Пакуль яны датычаць рэстаўрацыйнай дзейнасці, якой мы, на жаль, не займаемся. Таму і расказаць пра гэта нічога не можам. Але калі будуць тэмы, звязаныя з гістарычнымі падзеямі, абавязкова напішам што-небудзь яшчэ. Хочацца, каб Пастаўшчыну як цікавы турыстычны рэгіён адкрыла для сябе як мага больш жыхароў Беларусі, каб яны ведалі, якія цудоўныя помнікі архітэктуры ёсць у нас, і прыязджалі на іх паглядзець.
Алена Шапавалава. Фота аўтара