Калібатаў Уладзімір Артагавіч
У гэта немагчыма паверыць і немагчыма змірыцца: не стала нашага калегі — рэдакцыйнага вадзіцеля Уладзіміра Калібатава. Чорная вестка скавала сэрцы болем і жахам. Яшчэ два тыдні назад Валодзя выганяў з гаража машыну і вёз карэспандэнтаў па патрэбных адрасах. За 23 гады працы ў рэдакцыі ён скалясіў раён уздоўж і ўпоперак, ахвотна ездзіў у камандзіроўкі ў Віцебск і Мінск. Сапраўдны прафесіянал, вельмі любіў сваю работу, надзвычай беражліва адносіўся да тэхнікі. Ніколі не лічыўся з часам, безадмоўна адпраўляўся на машыне ў блізкую ці далёкую дарогу не толькі ў будныя дні, але і ў выхадныя, святочныя. Акрамя таго, клапаціўся пра гаспадарчыя справы ў рэдакцыі.
А самае галоўнае — быў цудоўным чалавекам. Уладзіміра цанілі і паважалі ўсе ў калектыве. Просты, сціплы, добразычлівы, спагадны, ён нікога не пакрыўдзіў ні поглядам, ні словам, ні ўчынкам. А на дапамогу гатовы быў прыйсці кожнаму і ў любую хвіліну. Даражыў сваёй сям’ёй, усёй глыбінёй бацькоўскай любові ахінаў ужо дарослага сына.
Раздзяляем непамернае гора Антона, Кацярыны Віктараўны і ўсіх родных Уладзіміра Артагавіча. Светлая памяць пра яго назаўжды застанецца ў нашых сэрцах!
Бывай, наш дарагі!
Калектыў і ветэраны рэдакцыі