З іголачкі!
Памятаеце выраз «апрануты з іголачкі»? Гэта значыць, на чалавеку новая рэч і выглядае яна бездакорна. Звычайна так гавораць пра моднікаў. А я палічыла апраўданым прымяніць выраз і да работнікаў Пастаўскага малочнага завода, якія атрымліваюць новую санітарную і спецвопратку. Прычым з мая мінулага года яе шыюць на самім прадпрыемстве.
— Раней спецвопратку закуплівалі ў старонніх арганізацый, — расказвала вядучы інжынер па якасці Вольга Шамовіч, якая курыруе работу заводскага швейнага цэха. — Складалі спісы людзей з размернай сеткай, праводзілі маркетынгавыя даследаванні і адпраўлялі заяўку на тую фірму, дзе цана на выраб вопраткі была найменшай. Але не заўсёды задавальняла яе якасць. Ды і новыя работнікі ўладкоўваюцца на прадпрыемства. Кожнаму хочацца, каб спецвопратка была якаснай і адпавядала яго размеру. Таму нязручнасці былі, і кіраўніцтва завода вырашыла стварыць уласны швейны цэх.
Пад яго адвялі асобнае памяшканне. Закупілі новыя швейныя машынкі, аверлок, іншае неабходнае абсталяванне. Заключылі з пастаўшчыкамі дагаворы на закупку тканіны і дапаможных матэрыялаў. Уся тканіна, якая выкарыстоўваецца на пашыў, мае сертыфікат якасці.
У цэху працуюць закройшчыца Святлана Рамановіч, швачкі Рэгіна Галаўко і Наталля Храпавіцкая. Усе вопытныя і старанныя. Нагрузка на іх вялікая, але спраўляюцца з ёй. За рабочы дзень кожная можа пашыць 20 санітарных касцюмаў або 2 уцепленыя мужчынскія курткі. Асартымент вырабаў даволі шырокі: камплекты санітарнага адзення для мужчын і жанчын, у якія ўваходзяць штаны, кашуля, каўпак, мужчынскія і жаночыя ўцепленыя камізэлькі, курткі, летнія і зімовыя камбінезоны, ахоўныя баваўняныя маскі шматразовага выкарыстання. Сёлета шылі рэчы не толькі для завадчан, але і халаты для даярак, касцюмы для іншых жывёлаводаў гаспадарак, якія ўваходзяць у склад аграаб’яднання, дзе галаўным прадпрыемствам з’яўляецца малочны завод.
З Вольгай Шамовіч заходзім у цэх. Швачкі робяць невялічкі перапынак і расказваюць пра сваю працу. У адзін голас адзначаюць выдатныя ўмовы. У прасторным памяшканні зроблены добры рамонт. Тут светла, цёпла, утульна. Вольга хваліць жанчын за тэмпы і высокую якасць вырабаў.
Дзякуючы ўласнаму цэху, стала намнога зручней забяспечваць працаўнікоў спецвопраткай. Швачкі на месцы здымаюць меркі і шыюць такую колькасць вырабаў, на якую атрымліваюць заказ. Завадчане нязменна застаюцца задаволеныя высокай якасцю абноў.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара