Выбраў шлях у навуку
Выпускнік пастаўскай СШ №2, а сёння аспірант Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Ілья Глазаў распрацоўвае гібрыдны матэрыял, які зажыўляе касцявыя раны і дапамагае хутчэйшаму зрастанню пераломаў. Малады хімік-даследчык працуе над тэхналогіяй каля пяці гадоў. Галоўная навацыя распрацоўкі — унікальны састаў, які ні ў кога не выклікае імуннага адарвання. Далейшая мэта вучоных — стварыць штучную касцявую тканку.
Раскрываю адзін з кастрычніцкіх нумароў газеты «Рэспубліка» — і бачу ў ёй фотаздымак Ільі Глазава. Пад рубрыкай «Новыя імёны Беларусі» чытаю артыкул пра яго, маладога хіміка-даследчыка. Перапаўняюць эмоцыі: вось як вырас хлопец, які ў садаўскім узросце і школьнікам часта бываў у рэдакцыі, у свайго дзядулі Пятра Курыловіча. Знаходжу нумар тэлефона і званю маладому вучонаму, каб узяць інтэрв’ю для «Пастаўскага краю».
— Ілья, з расказаў твайго дзядулі ведаю, як ты захапляўся хіміяй у школе…
— Гэта сапраўды так, у чым вялікая заслуга настаўніцы пастаўскай СШ №2 Алены Міхайлаўны Мачанскай, якая выкладала гэты прадмет. Мне заўсёды было цікава на ўроках хіміі, пэўныя доследы спрабаваў праводзіць дома. Закончыўшы школу, паступіў на хімфак Белдзяржуніверсітэта. Вучыцца там было хоць і нялёгка, але мне падабалася. Да таго ж пашанцавала з аднагрупнікамі, вельмі здружыўся з імі. Мы не толькі вучыліся разам, але і адпачывалі, мелі аднолькавыя захапленні.
— Адно з іх — пейнтбол — камандная гульня са спецыяльнай пнеўматычнай зброяй. Ведаю, што вы гулялі ў пейнтбол у тым ліку і ў Смаргоні і там з табой здарылася няшчасце.
— Я ўпаў з вышыні трэцяга паверха і атрымаў цяжкія траўмы. Мяне ратавалі ў рэанімацыйным аддзяленні смаргонскай бальніцы. Затым працягваў лячэнне ў Віцебску і Мінску. Доўгім быў перыяд рэабілітацыі. Той час нават успамінаць не хочацца. Галоўнае, што, на шчасце, усё завяршылася добра: я ў страі!
— Ды яшчэ ў якім — навуковым. Рашэнне займацца навукай прыняў без ваганняў?
— Першапачаткова планаваў пасля заканчэння вучобы працаваць на вытворчасці. Вабілі прафесіі ў галіне праграмавання, якім я таксама сур’ёзна займаўся ва ўніверсітэце. Але на апошнім курсе праходзіў практыку ў лабараторыі фотахіміі і электронікі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціны Круцько. Там я выконваў курсавую і дыпломную работы, і мне прапанавалі асобную тэматыку для даследаванняў. У тым, што я ўрэшце вырашыў займацца навукай, вялікая роля загадчыцы лабараторыі і ўсяго дружнага, захопленага калектыву. Зараз пішу дысертацыю на тэму: «Нізкатэмпературнае фарміраванне біясумяшчальных фасфатаў кальцыю і атрыманне гібрыдных матэрыялаў на біяпалімернай аснове».
— Ілья, а чым займаешся непасрэдна ў лабараторыі?
— Распрацоўваю гібрыдны матэрыял, які зажыўляе касцявыя раны і дазваляе пераломам хутчэй зрастацца. Людзей з прыроджанымі дэфектамі касцей або з атрыманымі траўмамі шмат. Для аднаўлення арганізму трэба стварыць новую тканку, таму ён пачынае перапрацоўваць сваю ж касцявую ў вобласці раны. Каб гэтага не адбывалася, пацыенту ўводзяць гель гідраксіяпатыту, распрацаваны ў нашай лабараторыі. Я ўжо каля 5 гадоў займаюся распрацоўкай унікальнага саставу, які ні ў кога не выклікае імуннага адарвання. Мы надаём матэрыялам пэўныя характарыстыкі і тым самым уздзейнічаем на іх здольнасць растварацца і засвойвацца арганізмам як будаўнічы матэрыял. Гель, створаны з маім удзелам, ужо дапамог многім пацыентам. Але мы не спыняемся на дасягнутым, а будзем ускладняць яго састаў, каб яшчэ больш павысіць эфектыўнасць. А таксама дабівацца масавага выпуску прэпарата. Першы патэнт на тэхналогію вытворчасці гібрыдных матэрыялаў на аснове гелю гідраксіяпатыту нашай лабараторыяй ужо атрыманы. Яе ўкранілі на РУП «Белмедпрэпараты».
— Пяройдзем ад навукі да паўсядзённасці. Як абуладкаваўся ў сталіцы?
— Пачну з таго, што мінулым летам я ўступіў у шлюб. Мая жонка Наташа — таксама аспірантка, займаецца батанікай. Яна вялікая разумніца, і я ганаруся сваёй выбранніцай. Нас звязвае як каханне, так і навука. Атрымалі пакой у інтэрнаце, і пакуль што нас гэта задавальняе. А вясельнае падарожжа ў нас было ў Турцыю. Накупаліся, пазагаралі, азнаёміліся са славутасцямі.
— Ці часта наведваешся на сваю малую радзіму?
— Паставы — горад дзяцінства, і ён заўсёды будзе жыць у маім сэрцы. На вялікі жаль, калі я яшчэ быў школьнікам, загінуў мой тата, не стала бабулі і дзядуляў, год таму раптоўна абарвалася жыццё мамы. Усё гэта горка. Але яшчэ ёсць бабуля па татавай лініі, айчым і зводныя брат з сястрычкай, хросны. Да іх і наведваюся. Праўда, зараз зусім рэдка. І не толькі з-за занятасці працай і вучобай, але і з-за пандэміі каранавіруса.
— Дзякуй за гутарку, Ілья! Шчасця табе ў асабістым жыцці і поспехаў у навуцы. Не сумняваюся, што ты многага дасягнеш і землякі будуць табой ганарыцца. Зрэшты, для гэтага ўжо ёсць важкія падставы.
Гутарыла Фаіна Касаткіна