Грэе душу дрэва
У Пастаўскім Доме рамёстваў Ян Рубанюк працуе ўсяго паўгода, але яго ўжо ведаюць многія гараджане. Хлопец удзельнічаў у канцэртах, прысвечаных 8 Сакавіка і 9 Мая, культурнай праграме на Масленіцу, быў вядучым «Пастаўскага балю» на сёлетнім фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» і на адкрыцці выстаў у «Старым млыне». Пры гэтым далёка не ўсім вядома, што ён не толькі спявае, танцуе і грае на гармоніку, але і па-майстэрску рэжа па дрэве.
Любоў да мастацкай дрэваапрацоўкі Яну прывіў настаўнік працоўнага навучання СШ №1 Мядзела, у якой вучыўся хлопец. Яна аказалася настолькі моцнай, што пасля школы юнак вырашыў паступіць у Маладзечанскі дзяржаўны каледж на сталяра, станочніка, майстра шкляных і паркетных работ. Падчас вучобы там вытворчую практыку праходзіў у Крывіцкім Доме народных рамёстваў, дзе пераканаўся: культура, да якой цягнуўся з малых гадоў, — яго прызванне.
Атрымаўшы дыплом, трапіў па размеркаванні ў Мядзельскі гарадскі Дом культуры. Вёў гурткі па дрэваапрацоўцы, якія наведвала шмат вучняў. Выразаў роставыя скульптуры міфалагічных персанажаў, лаўкі з масіву дрэва да абласных «Дажынак» 2018 года. Таксама стварыў вулічную бібліятэку, якая ўяўляе сабой выразаную ў ствале дуба шафу з паліцамі для кніг і ўстаўленымі шклянымі дзвярыма. Да маладога майстра, які хутка праславіўся на ўвесь раён, часта звярталіся з прыватнымі заказамі — зрабіць штосьці для ўпрыгажэння інтэр’ера дома або дачнага ўчастка.
Восенню мінулага года, ажаніўшыся з пастаўчанкай, Ян Рубанюк пераехаў у наш горад. Уладкаваўся на работу ў магазін да аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў. Але хутка зразумеў, што без пастаяннага культурнага «допінгу» засумуе, і вярнуўся ў любімую сферу. У «Старым млыне» ён займае пасаду майстра народных рамёстваў і мастацкіх промыслаў. Нягледзячы на невялікі стаж тут, ужо паспеў многае зрабіць. У прыватнасці, прэзентацыйны сімвал Пастаўскага Дома рамёстваў — млын, шыльду з выразанымі вершаванымі радкамі, якія з’яўляюцца своеасаблівым дэвізам нашых народных умельцаў. Распрацаваў калекцыю экалагічна чыстых дзіцячых драўляных цацак.
— Гэтыя цацкі прызначаныя ў першую чаргу для дзетак, у якіх рэжуцца зубы, — расказваў Ян, дэманструючы свае вырабы. — Яны абсалютна бяспечныя — іх можна грызці, кусаць, — таму што выкананыя з прапаранай сасновай дошкі, прамочанай ільняным алеем. У цацках ёсць драўляныя і керамічныя пацеркі, якія рухаюцца на палачцы і грымяць, як у бразготцы. У мяне самога ў дзяцінстве былі драўляныя машынкі, кубікі, якія вельмі падабаліся. Не забуду падарунка дзядулі — маленькага коніка на палазах, якога выразаў яшчэ прапрадзед. Конік і паслужыў штуршком да стварэння гэтай калекцыі.
Зараз малады майстар піша работу па нацыянальнай рухомай цаццы — коніку на каталцы і палазах, якую збіраецца выдаць, каб распаўсюдзіць па Віцебскай вобласці ў якасці метадычнай рэкамендацыі па вытворчасці такой цацкі. Збіраючы матэрыял для яе, правёў 5 навуковых экспедыцый па Пастаўскім раёне. Таксама рыхтуецца да абласнога конкурсу «Птушыны перапалох», які пройдзе ў Міёрах, — робіць двухпавярховую кармушку для птушак, стылізаваную пад беларускую хату. У планах рэканструяваць паазерскі ткацкі станок — зрабіць яго ў натуральную велічыню з неабчасанага дрэва, такім, якія былі ў нашых продкаў — і адкрыць у Доме рамёстваў гурток па мастацкай дрэваапрацоўцы.
Па словах Яна, ён можа стварыць практычна любую рэч. Усё залежыць ад якасці матэрыялу і натхнення.
— У рабоце з дрэвам мне падабаецца, што гэта жывы матэрыял, — кажа народны ўмелец. — Калі, сціснуўшы, патрымаць яго ў руках, можна адчуць цяпло. Дома ў Паставах і ў мамы на Мядзельшчыне многае зроблена маімі рукамі: лыжкі, раздзелачныя дошкі, палічкі, пано, падлогавыя вазы…
Здымкі сваіх работ Ян Рубанюк змяшчае ў «Інстаграме», дзякуючы чаму яго знаходзяць заказчыкі. Так паступова пра маладога майстра даведваецца ўсё больш людзей.
Алена Шапавалава. Фота аўтара