Пад «наглядам» відэакамер будуць знаходзіцца пяціпавярхоўкі райцэнтра.
Відэакамеры ўжо ўстаноўлены на ўсіх дамах у мікрараёнах 5-га і 6-га гарадкоў, вуліцы Юбілейнай. Зараз работнікі Пастаўскага ўчастка электрасувязі РУП «Белтэлекам» займаюцца іх наладкай. Завяршыць яе плануецца да канца месяца.
Паслугу «Відэакантроль» ад кампаніі «Белтэлекам» на Пастаўшчыне пачалі ўкараняць два гады назад. Прапанова адразу ж зацікавіла жыхароў шматкватэрных дамоў і прыватнага сектара, юрыдычных асоб. Цяпер магчымасць займець віртуальнага «вартаўніка» прыдамавой тэрыторыі з’явілася і ва ўсіх жыхароў пяціпавярховак горада.
— Устаноўка і наладка камер вядзецца за сродкі нашай кампаніі, што прадугледжана праектам рэканструкцыі сеткі перадачы даных у шматкватэрных жылых дамах Пастаў, — паведаміў начальнік Пастаўскага ўчастка электрасувязі Іосіф Тамашэвіч. — На кожным будынку ўстаноўлены па 2-3 камеры. Яны «назіраюць» за стаянкамі аўтатранспарту, дзіцячымі гульнявымі пляцоўкамі, уваходамі ў пад’езды.
«Разумныя» тэхналогіі дазволяць не хвалявацца за захаванасць маёмасці і бяспеку дзяцей. Упэўніцца, што з імі ўсё добра, можна дыстанцыйна ў рэжыме рэальнага часу альбо прагледзеўшы архіўныя запісы. Захоўвацца яны будуць 30 сутак. Архіў можа быць карысным у выпадку якіх-небудзь здарэнняў. Скажам, калі нехта ўкраў ваш веласіпед, разбіў шкло ў пад’ездзе, падрапаў машыну альбо зняў з яе колаў каўпакі (зараз гэта «модна» сярод дзяцей і падлеткаў), вы лёгка знойдзеце вінаватага па запісе камеры відэаназірання. Дарэчы, відэазапісы могуць служыць доказнай базай у канфліктных сітуацыях, паколькі яны атрыманы ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам краіны. Такім чынам, відэакантроль працуе і на прафілактыку правапарушэнняў.
— Перажыванні, што хтосьці старонні будзе праглядваць запісы, беспадстаўныя. Яны захоўваюцца на серверах прадпрыемства і даступныя толькі жыхарам дома, якія падключылі паслугу, — тлумачыць Іосіф Вікенцьевіч. — Яе кошт складае 5 рублёў у месяц, а для абанентаў любых пакетаў «ЯСНА» — 2,5 рубля. У тым выпадку, калі вы з’яўляецеся карыстальнікам тарыфнага плана «ЯСНА 100 Відэакантроль», паслуга ўжо ўключана ў ваш пакет і не патрабуе дадатковай абанплаты. Карыстальнік атрымлівае кругласутачны доступ да відэа ў анлайн-рэжыме, а таксама да запісаў архіва відэакамер.
Праглядваць відэа можна з дапамогай любога мабільнага ўстройства: смартфона, планшэта, ноутбука. Дагавор на атрыманне паслугі «Відэакантроль» заключаецца ў сэрвісным цэнтры Пастаўскага ўчастка электрасувязі.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
С 8 июля в Беларуси запрещается продажа энергетиков несовершеннолетним
С 10 июля для граждан Беларуси меняется порядок въезда в Россию
На Витебщине стартовал пилотный туристический проект «Васильковый край»