З конкурсу – на выставу адправіліся вырабы лесніка Старадворскага лясніцтва Аляксандра Пайлака.
У выхадныя ў Шуміліне праходзіў абласны конкурс-пленэр майстроў разьбы па дрэве «Лясная магія». Мэта мерапрыемства — папулярызацыя творчасці ручной працы. Удзельнічаў у конкурсе і Аляксандр Пайлак.

На працягу двух дзён 11 аматараў разьбы па дрэве дэманстравалі сваё майстэрства. У руках майстроў з-пад пілы, сякеры, долата і іншых інструментаў дрэва на вачах ператваралася ў мядзведзя, арла, саву, розных казачных герояў. Аляксандр з метровага кавалка асіны выразаў саву. Усе работы ўнікальныя. У іх майстары ўклалі часцінку душы.

Фігуры з дрэва будуць упрыгожваць паркі, дзіцячыя пляцоўкі, зоны адпачынку. А пакуль вырабы Аляксандра Пайлака і індывідуальнага прадпрымальніка з Пастаў Івана Андрушкевіча адправіліся на міжнародную спецыялізаваную выставу тэхнікі і тэхналогій лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці «Лесдрэўтэх-2021». Яна пройдзе з 20 па 23 мая на тэрыторыі «Мінск-Арэны».

— Выстава праводзіцца пры падтрымцы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на працягу 20 гадоў, — расказваў намеснік дырэктара Пастаўскага лясгаса Аляксандр Іванькоў. — На ёй будзе прадстаўлена абсталяванне для пасадкі лесу, лесанарыхтоўчая і транспарціровачная тэхніка, экіпіроўка для работнікаў і многае іншае. Традыцыйна адбудзецца кірмаш-продаж лясной прадукцыі. На сваіх пляцоўках арганізацыі-экспаненты дэманструюць зрубы дамоў, лазняў, альтанкі, садовую мэблю, дэкаратыўныя ўпрыгажэнні. Вось і мы сёлета прадставім вырабы Аляксандра Пайлака і мэблю для адпачынку на прыродзе Івана Андрушкевіча.
Анна Анішкевіч
Читайте также:
Работники лесного хозяйства Поставщины собирают «урожай» березового сока
Неделя леса. На 95 гектаров увеличилась площадь лесных насаждения Поставского лесхоза
Массовая вырубка лесов? Как обстоят дела в Поставском лесхозе? Интервью с Валерием Гарбулем