Маразільнікі і сумкі для вакцыны
На мінулым тыдні Пастаўская ЦРБ закупіла 3 маразільнікі для захоўвання вакцыны ад COVID-19 і 3 сумкі-халадзільнікі для яе транспарціроўкі. Гэта дазволіць не парушыць так званы «халадавы ланцуг» на шляху ад вытворцы да пацыента і паскорыць тэмпы імунізацыі.
Абсталяванне набыта за сродкі раённага бюджэту. Адзін маразільнік адправілі ў Варапаеўскую раённую бальніцу, другі — у Лынтупскую ўчастковую, трэці прызначаны для паліклінікі ЦРБ. Плюсы набытку відавочныя: жыхары ўсходняй і заходняй зон раёна змогуць атрымаць медыкаментозную імунную абарону, не прыязджаючы ў райцэнтр, а пастаўчане — у адной з 2-х кропак вакцынацыі ў паліклініцы. Маразільнікі паспрыяюць большаму ахопу вакцынацыяй насельніцтва, зменшаць чаргу перад працэдурным кабінетам.
Ну а сумкі-халадзільнікі павялічаць мабільнасць медыкаў. З імі прышчэпачныя брыгады — у раёне іх створана 8 — будуць выязджаць на прадпрыемствы, ва ўстановы і арганізацыі Пастаўшчыны, у ФАПы, а таксама дадому да тых, хто не можа прыйсці ў паліклініку. Пераносныя халадзільнікі аснашчаны холадаэлементамі, якія падтрымліваюць у іх тэмпературу мінус 18 оС і ніжэйшую. Для кантролю тэмпературнага рэжыму ёсць тэрмометр. У два меншыя тэрмакантэйнеры можа змясціцца каля 30 флаконаў вакцыны, у большы — звыш 100. Такім чынам флаконы з прэпаратам «Гам-Кавид-Вак», больш вядомым пад гандлёвай назвай «Спутник V», першымі даставілі ў Дунілавіцкі дом-інтэрнат для вакцынацыі яго пастаяльцаў.
— Двума кампанентамі вакцыны ў раёне прышчэплена каля тысячы чалавек, — паведаміў загадчык паліклінікі ЦРБ Міхаіл Петух. — Прэпарат добра сябе зарэкамендаваў. Толькі ў 1% вакцынаваных зафіксавана павышэнне тэмпературы цела да 38 оС, якая трымалася не больш за суткі.
Усяго ў Беларусі плануецца ахапіць медыкаментознай імуннай абаронай не менш за 60% насельніцтва. Запісацца на прышчэпку па-ранейшаму можна ва ўчастковага тэрапеўта.
У тэму
Па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя з 26 красавіка па 2 мая праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі.
Вакцынацыя — адно з найбольш істотных дасягненняў медыцыны, дзякуючы якому ўдалося выратаваць жыцці мільёнаў людзей і спыніць успышкі эпідэмій. У пошуках абароны ад інфекцыйных захворванняў людзі спрабавалі многае — ад заклінанняў і замоў да дэзынфекцыйных і каранцінных мер. Новая эра барацьбы з інфекцыямі распачалася толькі са з’яўленнем вакцын.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Во время тренинга волонтеры БОКК и работники ТЦСОН научились оказывать первую помощь
Вакцинация от СOVID-19: в Поставах начали делать прививки всем желающим
Чем живёт система здравоохранения Поставского района? Интервью с Владимиром Чекавым