Шчымлівыя пісьмы з трагічнага мінулага нядаўна прынёс у рэдакцыю пастаўчанін Віктар Кейзік.
Некалькі месяцаў назад ён разбіраў старыя рэчы з бацькоўскай хаты і знайшоў сярод іх лісты роднага дзядзькі Мікалая Ярмолы. Пішучы іх у 1944-м, малады салдат і падумаць не мог, што яго простыя словы праз 77 гадоў так моцна ўсхвалююць нашчадкаў. Тых, дзеля каго і здабывалася Перамога.
…15 гадоў назад у Віктара Кейзіка памерла мама, якая жыла ў Варапаеве. Родны дом апусцеў канчаткова, і, каб не дапусціць яго занядбання, было вырашана прадаць. Многія асабістыя рэчы бацькоў сын забраў сабе ў Паставы. На тое, каб іх разабраць, доўга не знаходзілася часу. Сёлетняй зімой гэта нарэшце ўдалося.
— На самым версе аднаго з пакункаў ляжаў скрутак пісем, перавязаны ніткай, — узгадваў Віктар Кейзік. — І якім было маё здзіўленне, калі сярод іх я ўбачыў дзве трохвуголкі і яшчэ адно звычайнае, напісанае тым жа почыркам. Іх, як аказалася, напісаў маёй маме яе родны брат Мікалай. Яго прызвалі на фронт восенню 1944-га. Спачатку павезлі ў Маскву (напэўна, там размяркоўвалі мужчын па войсках). Якраз адтуль, з вакзала, дасланы першы дзядзькаў ліст, датаваны 23-м верасня. Другі, на польскай мове, пісаў у цягніку, калі яго везлі на фронт. Куды менавіта — невядома. Было і трэцяе, апошняе, пісьмо. Затым сувязь абарвалася, дзядзька прапаў без вестак. Хаця яго мама — мая бабуля — чакала сына да апошняга дня свайго жыцця.
Пра што новаспечаны салдат пісаў родным? На шчасце, час сцёр з паперы толькі асобныя словы, у цэлым жа пісьмы добра чытаюцца. Вось, напрыклад, урывак з аднаго з іх: «Здравствуй, дорогая сестра Ольга! Шлю тебе свой красноармейский привет и желаю всего наилучшего в твоей молодой жизни. В настоящее время я жив и здоров, всё благополучно, прошу… не горевать, ибо для тебя хватит твоего горя, а лишнее горе — это отрава для твоей повседневной жизни. Живи, пока живётся, иногда думай о смерти, плачь, когда тебе взгрустнётся, но смейся хоть всегда. До свидания».
А вось пісьмо, напісанае Мікалаем Ярмолам па дарозе на фронт (перакладзена з польскай мовы В. Кейзікам на беларускую): «Добры дзень, родная сястра!.. Інфармую цябе, што ў дадзеную хвіліну я жывы і здаровы. Гэта пісьмо пішу ўжо салдатам. Але адказу не патрабую, бо не ведаю, які ў мяне будзе адрас. Прашу паведаміць усім блізкім майму сэрцу людзям, што я жадаю ім спаўнення ўсіх жаданняў. Не сумуйце па мне, бо што ў маім жыцці павінна быць, тое і станецца. А што будзе, ніхто не ўсведамляе, тым больш што чалавек смяротны. …Прыйшоў такі час для ўсіх людзей, што трэба ваяваць і прарвацца.
Мы едзем у адным цягніку з… (далей ідзе пералічэнне прозвішчаў, якія расчытаць вельмі складана — аўт.)».
Што здарылася з аўтарам пісьма? А з яго саслужыўцамі? Адказаў на гэтыя пытанні няма, але ёсць разуменне: салдаты, пакінуўшы свае родныя хаты, верылі ў Перамогу, марылі жывымі і здаровымі вярнуцца да сваіх блізкіх.
— З якім настроем, з якімі думкамі пісаліся гэтыя прасякнутыя аптымізмам лісты, мы ўжо не даведаемся ніколі, — разважаў Віктар Кейзік. — Галоўнае, што яны захаваліся, і для мяне гэта сапраўдны цуд. Трымаючы іх — зжаўцелыя, змякчэлыя, — узгадваю выраз: «Словы адлятаюць, а напісанае застаецца». Застаецца не проста так, а каб мы ўсе памяталі, колькі жыццяў простых салдат лягло ў аснову той Вялікай Перамогі, колькі болю прынесла вайна людзям, якія сваіх родных не дачакаліся. І пакуль мы будзем трымаць у руках такія пісьмы з мінулага, памяці пра яго — жыць.
Іна Сняжкова
Фота з архіва Віктара Кейзіка
Читайте также:
Камаи прошлого века. Путешествуем во времени благодаря фотоархиву Павла Давидовского
Не стёрли с лица земли, а в неё закопали. История «потерянного» в Камаях памятника времён І мировой войны
В Поставах состоялись торжественные мероприятия к 105-летию Нарочской наступательной операции (+видео)