Людміла Курыловіч: «Калі моцна захацець, то ўсё атрымаецца»
Напрыканцы лютага наша газета паведамляла, што ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ў Мінску адкрылася персанальная выстава нашай зямлячкі, а цяпер жыхаркі Масквы Людмілы Курыловіч. Гледзячы на яе прафесійна выкананыя карціны, цяжка паверыць, што па адукацыі аўтар — настаўнік фізікі і матэматыкі, а ў мастацтва прыйшла выпадкова.
Людміла Курыловіч такая ж творчая і таленавітая, якой была яе мама — вядомая на Пастаўшчыне паэтэса Ніна Захарэвіч. І гэтак жа бязмежна, як некалі яна, любіць родны край. Жывучы за 800 кіламетраў ад нашага горада, Людміла часта думае пра Паставы і стараецца наведвацца сюды як мага часцей. І хоць няма ўжо на гэтым свеце бацькоў, жывуць шматлікія ўспаміны пра іх і сваю малую радзіму.
— Людміла Паўлаўна, што можаце сказаць пра сваё дзяцінства?
— Цяпер, калі мне больш за 50, магу з гонарам прызнацца, што сама сабе зайздрошчу. Зайздрошчу, таму што пачатак майго шляху на Зямлі і маё дзяцінства былі шчаслівымі.
Я нарадзілася другім дзіцём у сям’і, дзе ўжо падрастаў васьмігадовы хлопчык. Усе марылі пра дзяўчынку. Я была доўгачаканай і жаданай, усе мяне песцілі. У дадатак да любові бацькоў і брата Анатоля атрымала яшчэ і любоў адзінокай цёткі маёй маці, якая жыла з намі. Яна мяне і гадавала, пакуль тата з мамай былі на працы. Колькі казак цётка Маня расказала, колькі сукенак лялькам пашыла, колькі страў смачных перагатавала! Ад яе і былі мае пачатковыя ўніверсітэты.
— Мама шчыравала ў сістэме адукацыі — была настаўнікам, загадчыкам дзіцячага садка, дырэктарам школы, тата, Павел Іванавіч, — ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, камітэце народнага кантролю. Хоць яны і займалі дастаткова высокія пасады, аднак даходы ў сям’і былі досыць сціплыя. Дом не быў поўнай чашай, але ўспамінаецца цеплынёй і ўтульнасцю. Напрыклад, на ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць шафа для лялек, якую тата зрабіў са старой паштовай скрыні.
— Якія яны — Паставы вашага дзяцінства?
— Вялікім святам для мяне, малой, быў выхад «у горад». У скверы на плошчы былі арэлі, а на гарбарцы — каруселі з коньмі і аленямі. Во дзе шчасце для малых! Запомніўся і кіёск з марозівам на плошчы. Яго прадаўшчыцу ўсе ласкава называлі Снягурачкай. Аднойчы, пакуль тата стаяў у чарзе, я згубілася. Пайшла сабе па скверыку… Дрэвы тады былі вялікімі, а мне ўсяго тры гады…Спужацца не паспела — знайшлі.
— У 1971 годзе пайшла ў першы клас СШ №1. Тады мама працавала там дырэктарам. Але ніякіх патуранняў у сувязі з гэтым не было: нават некалькі разоў у першым класе атрымала ад настаўніцы лінейках па руках, праўда, за што, ужо не памятаю. У школу хадзіць падабалася, вучылася выдатна. Многія думалі, што я зубрыла. На самай справе мне проста лёгка давалася праграма. Ну і разумела, што магу падвесці бацькоў і ім будзе сорамна за дачку.
Не ведаю, як цяпер, але тады наша школа мела вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі настаўнікаў. Шмат выпускнікоў сталі навукоўцамі, афіцэрамі, кваліфікаванымі ўрачамі, многія займалі і займаюць высокія пасады. У маім выпуску было 10 медалістаў, толькі ў нашым класе — 5. І ўсе свае медалі апраўдалі: пры паступленні адзіны экзамен здалі на “выдатна”.
— Хто з настаўнікаў паўплываў на вас асабліва?
— Увогуле з педагогамі мне вельмі пашанцавала. Безумоўна, з ранняга дзяцінства мама — настаўнік фізікі і матэматыкі — прывівала любоў да гэтых прадметаў. Але ж калі б не прафесіяналізм школьных настаўнікаў Таісы Захараўны Старосты і Галіны Рыгораўны Дзеравянкі (Аніськовіч), то не абрала б гэту прафесію сваёй.
А хто тады размаўляў па-беларуску? Лічылася, што толькі вяскоўцы. Але ў нашай школе родную мову любілі, таму што любілі яе выкладчыка Яўгенію Пятроўну Антаневіч. Не магу не адзначыць настаўнікаў хіміі, біялогіі і гісторыі — Людмілу Васільеўну Сцепаненку (Кайду), Алу Уладзіміраўну Кішко, Ніну Паўлаўну Лазінскую. Ніколі не дарую сабе, што не паспела ўжывую выказаць падзяку яшчэ адной настаўніцы — Яніне Вайцехаўне Гуданец, якая заўчасна пайшла з жыцця. Яна навучыла мяне таму, чым карыстаюся ўсё жыццё, — шыццю. Спакойна, нікога не прымушаючы, Яніна Вайцехаўна вучыла нас рабіць выкрайкі, шыць сукенкі, спадніцы, халаты… Прычым рабіла гэта па польскіх і чэшскіх часопісах, якія невядома адкуль даставала ў тыя часы і якімі шчыра дзялілася з намі. Гэта ўменне дапамагло мне і маім дзецям у няпростыя 90-я выглядаць модна і прыгожа.
— Паступіла ў Віцебскі педінстытут, па дыпломе я настаўнік матэматыкі і фізікі. Працаваць пачынала ў Туле, куды паехала за мужам-афіцэрам (ён таксама пастаўчанін). Адразу выкладала фізіку, але чамусьці мяне больш цягнула да матэматыкі. Менавіта яе выкладала амаль 20 гадоў. А вось фізіку «аддала ў спадчыну» сыну Дзмітрыю: ён займаецца фізікай плазмы, абараніў доктарскую дысертацыю, зараз працуе ў Нідэрландах. Дзіма, дарэчы, таксама нарадзіўся ў Паставах.
Быў у маім жыцці і пяцігадовы перыяд работы ў Пастаянным Камітэце Саюзнай дзяржавы. Цяжка ўявіць, але мне, матэматыку, даверылі весці пытанні культуры. Колькі цікавых сустрэч і мерапрыемстваў было за гэтыя гады! Вельмі шмат знаёмстваў па працы перарасло ў сяброўства.
— З чаго пачаўся «жывапісны» перыяд жыцця?
— Пасля заканчэння маёй педагагічнай працы выпадкова ўбачыла на YouTube ўрок жывапісу акрылам. Першая спроба, другая… Работы пачалі хваліць родныя і сябры, нават зусім незнаёмыя людзі. І вось ужо 6 гадоў я жыву ў акружэнні карцін, якія пішу сама. Дару іх блізкім, сябрам, трапляюць яны і ў дамы да чужых людзей, аб’ядноўваючы нашы густы. Я шчаслівая, калі мая творчасць можа радаваць не толькі мяне.
Рэалізаваць сябе ў жывапісе я змагла ў многім дзякуючы майму мужу Аляксандру. Менавіта ён з самага пачатку маральна і матэрыяльна падтрымлівае маё нятаннае захапленне: усе гэтыя 6 гадоў муж арганізуе працэс напісання карцін, стараецца, каб палатно і фарбы былі самымі лепшымі. Таксама змайстраваў стэлажы, падвясныя сістэмы для работ. Упакоўка, транспарціроўка карцін на выставы — усё на ім. Гэта вельмі важна, калі побач чалавек, які кахае і падтрымлівае.
Цяпер разумею, што не бывае нічога выпадковага. І невыпадкова перад гэтым у маім жыцці было шмат знаёмстваў з сапраўднымі народнымі мастакамі, майстрамі сваёй справы, у тым ліку з Рыгорам Рыгоравічам Паплаўскім (савецкі і беларускі графік і жывапісец, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — аўт.).
— А ці любілі маляваць у школьныя гады?
— Любіла. Асабліва папяровых лялек і аддзенне для іх. Але мае мастацкія здольнасці былі вельмі сціплымі. Ды і адпаведнай школы ў Паставах не было, таму жывапіс у той час прайшоў міма мяне. І трэба было пераадолець паўвекавы рубеж, каб зразумець, што без яго не магу існаваць.
Дарэчы, у мінулым годзе маміна сястра аддала мне на памяць матуліны пісьмы да яе. А там — шмат пра жыццё бацькоў, пра час, калі я нарадзілася, расла. Сярод іншых трапіўся ліст з маімі каракулямі. Мама пісала, што мне няма і двух гадоў, а малюю нядрэнна. Можа, тады ўжо прадбачыла маю будучыню?
— Якое месца ў вашым жыцці займаюць Паставы?
— Каб адказаць на гэта пытанне, дастаткова адзначыць, што і ў снах часцей за ўсё бачу сваю родную хату, у якой я гаспадару. Паставы — мая адзіная радзіма, і гэтым усё сказана.
Безумоўна, з часам горад змяніўся. Гістарычная частка і вуліцы сталі чыйсцейшымі і прыгажэйшымі, з’явілася многа новых дамоў. А вось рэчка Мядзелка ля моста па вуліцы Паўліка Марозава, куды мы бегалі купацца з маімі стрыечнымі братамі і сёстрамі, цяпер выглядае зусім сумна — зарасла амаль поўнасцю. Радуе вока сучасных жыхароў райцэнтра парк насупраць помніка па вуліцы Чырвонаармейскай — дагледжаны, прарэджаны, з дзіцячымі горкамі і арэлямі. А мне ён падабаўся тады, калі квітнеючы лубін сярод бяроз выглядаў нібы фіялетавае мора.
— Ці часта ў думках вяртаецеся ў горад дзяцінства?
— Часта, і не толькі ў думках. Зноў жа магу сказаць, што шчаслівая, бо ведаю: у Паставах мне заўжды рады родныя, сябры, проста знаёмыя. Калі туды прыязджаю, то амаль кожны дзень распісаны: каго калі наведаць, з кім сустрэцца. Прычым сябрую не толькі з равеснікамі, але і з больш сталымі людзьмі. Ганаруся тым, што сябры і знаёмыя маіх бацькоў цяпер з павагай адносяцца да мяне і маёй сям’і.
— Якой засталася ў памяці мама?
— Мама… 15 гадоў я без мамы. І столькі гадоў быццам няма часткі мяне. Мы былі далёкія адна ад адной па адлегласці, але вельмі блізкія па духу. І ўсё, што я ўмею, чым валодаю, было так ці іначай закладзена мамай. Яна мне заўжды гаварыла: «Ты павінна ўмець усё. Нават калі рабіць гэта не будзеш, умець трэба». Вучыла мяне вязаць, шыць, вышываць і рукамі, і на машынцы. Вучыла цярпенню, развазе. Мой муж і цяпер у розных сітуацыях часта ўспамінае маму. Кажа: «А што сказала б Ніна Маркаўна? А ці так яна зрабіла б?»
Вось толькі вершы пісаць не навучыш — тут патрэбны вялікі талент. Аднак у мяне заўжды пад рукой кніжачкі з мамінымі вершамі, яны ёсць нават у тэлефоне. Верш можна знайсці на любую тэму, пад любы настрой. На вялікі жаль, мама не пазнала, што я стала мастаком. Але сваёй творчасцю я аддала даніну маміным творам і зладзіла выставу карцін, супаставіўшы яе вершы са сваімі работамі. Гэта выстава была паказана і ў Паставах, і ў Пасольстве Беларусі ў Маскве.
— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі творчымі планамі?
— Задумак шмат, а часу — не вельмі. Бо ёсць большае захапленне — мае маленькія ўнукі Паўлік і Ніначка, якіх падарыла нам дачушка Ганна. Яны не даюць застыць на месцы. Дзякуючы ім я адкрыла для сябе новыя хобі: шыццё развівальных кніжак з фетру і тканіны, гатаванне новых карысных страў і дэсертаў. Даводзіцца і казкі сачыняць, і песні спяваць. Як гаворыць мая сяброўка: «Жить некогда». Дакладней, няма калі сумаваць.
Ёсць у мяне патаемная мара: хачу выдаць кнігу маміных твораў, куды ўвойдуць усе яе рукапісы, нават не апублікаваныя раней творы. Пакуль што мне бракуе часу, каб сур’ёзна заняцца аналізам, наборам, кампанаваннем раздзелаў. Але я павінна гэту мару рэалізаваць. Я перакананая: калі моцна захацець, то ўсё атрымаецца.
Іна Сняжкова
Фота з архіва Людмілы Курыловіч
Читайте также:
На занятии экологического клуба «Экоша» воропаевские ребята узнали о птицах Беларуси
Главными героями мероприятия «Руки, творящие чудеса» стали талантливые люди Поставщины
Евгения Светикова из д. Мольдевичи поделилась рецептом пасхальных куличей (+2 видео)