22 апреля прошел выездной суд над учащимся колледжа 16-летним Иваном К.

Безопасность

Адтэрміноўку адмянілі і зняволілі

22 красавіка ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы прайшоў выязны суд над навучэнцам гэтай установы 16-гадовым Іванам К.

Ініцыявала судовае пасяджэнне інспекцыя па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Яна падала прадстаўленне аб адмене адтэрміноўкі выканання назначанага раней К. пакарання і накіраванні яго ў месцы пазбаўлення волі. Справа ў тым, што 31 ліпеня 2020 года хлопец быў асуджаны судом Браслаўскага раёна за хуліганства, здзейсненае групай асоб (знаходзячыся ў нецвярозым стане на тэрыторыі аднаго з гаражных кааператываў Браслава, разам са сваім знаёмым беспрычынна разбіў прыпаркаваны там аўтамабіль). Тады суд прыгаварыў Івана да 1 года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на год і абавязаў яго не мяняць без узгаднення з кантралюючым органам месца жыхарства, перыядычна з’яўляцца ў міліцыю для рэгістрацыі, знаходзіцца дома з 23.00 да 6.00, не выязджаць па асабістых справах за межы раёна больш чым на месяц і ў вольны ад вучобы час выканаць грамадска карысныя работы ў аб’ёме 80 гадзін.

22 апреля прошел выездной суд над учащимся колледжа 16-летним Иваном К.

У канцы жніўня К. прыехаў у Паставы на вучобу, і кантроль за ім узяла на сябе мясцовая інспекцыя па справах непаўналетніх. Яе супрацоўнікі растлумачылі хлопцу ўскладзеныя на яго судом абавязкі, а таксама адказнасць за іх парушэнне і ­здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў. Але Іван аднёсся да ўсяго несур’ёзна: ужо 19 кастрычніка пры праверцы па месцы жыхарства знаходзіўся ў нецвярозым стане. Міліцыянерам паведаміў, што выпіваў на пляжы возера Задзеўскае. У адносінах да К. склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і адправілі на разгляд у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама, а пазней вынеслі афіцыйнае папярэджанне.

Ужо тады суд мог адмяніць адтэрміноўку выканання пакарання і адправіць хлопца ў калонію. Але пашкадаваў яго, вырашыў даць шанц выправіцца, якім малады чалавек не скарыстаўся: 19 лістапада не з’явіўся ў міліцыю для рэгістрацыі. Вынеслі паўторнае афіцыйнае папярэджанне. І зноў гэта не стала ўрокам. К. прадоўжыў піць, некалькі разоў яго затрымлівалі за распіццём спіртнога ў грамадскіх месцах. Усяго з кастрычніка 2020 года па красавік 2021-га ён 7 разоў парушыў заканадаўства.

З Іванам не раз праводзілі прафілактычныя гутаркі прадстаўнікі інспекцыі і камісіі па справах непаўналетніх, выхавальнікі і адміністрацыя кале­джа, выклікалі для размовы ­бацькоў. Толькі нічога не дапамагло: паводзіны юнака не змяніліся. І ў выніку супрацоўнікі ІСН вымушаны былі накіраваць матэрыялы ў суд.

Падчас пасяджэння старшыня суда Анатолій Карытка і пракурор раёна Ігар Валынец спрабавалі высветліць, чаму К. парушаў закон. На што той адказаў: «Звязаўся з дрэннай кампаніяй». Пры гэтым піць юнак пачаў з 15 гадоў, з-за чаго трапіў на ўлік да нарколага.

Нягледзячы на тое, што адвакат імкнуўся апраўдаць паводзіны свайго падабароннага недастатковай увагай да яго з боку дарослых і прасіў даць К. яшчэ адзін шанц выправіцца, суд вырашыў задаволіць прадстаўленне інспекцыі па справах непаўналетніх. Ён адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання, назначанага судом Браслаўскага раёна, і пастанавіў накіраваць асуджанага ў выхаваўчую калонію тэрмінам на 1 год. Адразу пасля аб’яўлення прыгавору Іван быў заключаны пад варту: на яго надзелі наручнікі і пасадзілі ў спецыяльны міліцэйскі аўтамабіль, на якім даставілі ў месца пазбаўлення волі.

Сведкамі гэтага былі іншыя навучэнцы каледжа, запрошаныя на судовае пасяджэнне. Некаторыя з іх таксама не ладзяць з законам. Хочацца верыць, што пачутае і ўбачанае прымусіць маладых людзей задумацца над уласнымі паводзінамі, засцеражэ ад ракавых учынкаў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
За безопасность вместе: в Поставском районе смотровые комиссии проверяют дома
Будущий лейтенант Денис Лукашевич заканчивает обучение на военно-техническом факультете БНТУ
С начала текущего года изъято 5 самогонных аппаратов, 4.081 литр браги и 1.495 литров самогона



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.