З імем слаўнага земляка
У мінулую пятніцу ў Навасёлкаўскай СШ адбылася ўрачыстая лінейка з нагоды прысваення школе імя Героя Сацыялістычнай Працы Алега Валодзькі.
На мерапрыемства сабраліся ўсе навучэнцы школы. Прыбылі і ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Станіслаў Чымбург, намеснік начальніка аддзела па адукацыі Таццяна Русалоўская, дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык, намеснік кіраўніка гаспадаркі Славамір Шапель, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанцін Мядзведзеў. Ад сям’і Алега Адольфавіча прысутнічалі яго зяць Васілій Сівіцкі і ўнучка Кацярына Грынчык.
— Зямное жыццё Алега Валодзькі абарвалася два гады назад. Але ён па-ранейшаму жыве сярод нас сваімі справамі і дасягненнямі. Тое, што мы бачым сёння ў Навасёлках, створана яго нястомнай працай, нераўнадушным сэрцам, імкненнем зрабіць жыццё сельскага чалавека лепшым, — гаварылі вядучыя мерапрыемства — намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Алена Ластоўская і 11-класнікі Максім Касцюк і Меліке Кулёнак.
Яны ўзгадалі працоўны шлях ветэрана, які больш за 40 гадоў узначальваў мясцовую гаспадарку — калгас імя Суворава — і зрабіў яе вядомай на ўвесь Савецкі Саюз. Акрамя земляробства і жывёлагадоўлі, тут актыўна займаліся перапрацоўкай — працавалі 6 вытворчых цэхаў. Вялікая ўвага ўдзялялася развіццю сацыяльнай сферы: былі пабудаваны жылыя дамы, паліклініка, Дом культуры, гасцініца, школа… У 1981 годзе Алегу Валодзьку прысвоілі званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР, у 1988-м — званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён удастоены шэрага ордэнаў і медалёў.
— Алег Адольфавіч — гэта чалавек-легенда, — адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, які першым з гасцей узяў слова. — Ён вельмі шмат зрабіў не толькі для аграгарадка, але і для ўсёй Пастаўшчыны. Многія жыхары раёна любілі і паважалі яго, памятаюць і зараз. Хочацца, каб гэта памяць жыла як мага даўжэй, каб мы бралі прыклад са свайго земляка. Ён напісаў некалькі кніг. Чытайце іх, бо там біяграфія аўтара, яго багаты жыццёвы вопыт, — звярнуўся Сяргей Васільевіч да навучэнцаў. — Упэўнены, што прысваенне школе імя Алега Валодзькі будзе развіваць у вас патрыятызм, прымусіць яшчэ лепш вучыцца.
— Алег Валодзька жыў і працаваў для цяперашняга і будучых пакаленняў, не шкадуючы ні здароўя, ні сіл, — падхапіў эстафету памяці дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. — Ён пабудаваў шмат аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На жаль, зараз некаторыя, у прыватнасці лазня, басейн, не працуюць. Я разам з калектывам сельгаспрадпрыемства паспрабую іх аднавіць. Ну а вы, вучні, павінны ганарыцца тым, што будзеце вучыцца ў школе, названай імем Алега Адольфавіча. Поспехаў вам, добрых адзнак і выбраць правільную дарогу ў жыцці!
Адным з аб’ектаў, узведзеных намаганнямі старшыні былога калгаса імя Суворава, стала Навасёлкаўская СШ. Упершыню яна расчыніла свае дзверы для вучняў у красавіку 1983 года. З таго часу мінула амаль чатыры дзесяцігоддзі, але ў школе і сёння працуюць педагогі, якія адкрывалі яе разам з былым дырэктарам Уладзімірам Кавальскім і Алегам Валодзькам. Гэта Янія Анкудовіч, Сафія Скабёлкіна і Віктар Снапок. Кіраўнік установы адукацыі Валянціна Пяткевіч папрасіла іх і яшчэ адну ўдзельніцу той падзеі — настаўніцу-пенсіянерку Ніну Маціеўскую — выйсці наперад, а вучні ўручылі ветэранам кветкі. Ад педагогаў выступіла Янія Анкудовіч. Школьнікі прачыталі вершы, прысвечаныя слаўнаму земляку, і пад агульныя апладысменты адкрылі на будынку новую шыльду.
— Мы абяцаем з гордасцю несці імя Алега Адольфавіча Валодзькі і пацвярджаць яго годнымі здзяйсненнямі, — запэўніла прысутных напрыканцы ўрачыстасці Валянціна Пяткевіч.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Читайте также:
Аляксандра Фалевич из Юнек выпекает вкусные торты, медовые пряники, безе, капкейки
Популярны ли мусорные контейнеры ЖКХ среди поставчан?
Уроженцы д. Ботьвины собственными силами благоустроили местное кладбище