Евгения Светикова из д. Мольдевичи поделилась рецептом пасхальных куличей (+2 видео)

Главное Общество

Клічуць за стол кулічы

Яўгенію Свецікаву з Мольдзевіч можна смела назваць узорнай гаспадыняй. Яна ўмее стварыць дома ўтульнасць, выдатна гатуе. Вафлі, аладкі, пірагі, піражкі, заварныя пірожныя… Якіх толькі прысмакаў не бывае на стале ў Яўгеніі Валянцінаўны, калі да яе прыязджаюць унукі! На Вялікдзень яны, як і іншыя госці, застаюцца ў захапленні ад хатніх кулічоў. Жанчына падзялілася рэцэптам іх прыгатавання і з чытачамі «ПК».

У Мольдзевічы мы адправіліся з Вікторыяй Курто — кіраўніком народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя». Яго ўдзельніцам Яўгенія Свецікава дапамагае гатаваць на мерапрыемствы разнастайныя стравы. Працуе яна таксама ў галіне культуры: загадвае Ярэўскім сельскім клубам.

Евгения Светикова из д. Мольдевичи поделилась рецептом пасхальных куличей (+2 видео)
Яўгенія Свецікава з унукам Мікітам

— Родам я адсюль, з Мольдзевіч, а муж — з Арэнбурга, — расказвала Яўгенія Валянцінаўна. — Туды мы і пераехалі пасля вяселля. Свякроў працавала поварам і многаму мяне, маладую, вучыла. У тым ліку і пячы кулічы. Гэты рэцэпт таксама ад яе.

Пакуль кулічы румяняцца ў духоўцы, гартаем сямейны альбом гаспадыні. Даведваюся, што ў яе ёсць сястра-блізніца Валянціна, якая жыве ў Даўгаўпілсе.

— Мы падобныя як дзве кроплі вады. Было, што і экзамен у школе за яе здавала, і на спатканні адна замест другой бегалі, — усміхалася суразмоўца. — Часам пляменнікі памылкова мяне мамай называлі. Ды што там казаць — жаніхі на вяселлі падчас «выкупу» нас паблыталі! Мы замуж у адзін дзень выходзілі: у аднолькавых сукенках, з аднолькавымі прычоскамі. Мужы нашы, дарэчы, з розніцай у адзін дзень нарадзіліся. Як тут у лёс не верыць?

З мужам Яўгенія Свецікава пажыла ў Расіі, Літве, Латвіі. Працавала швачкай, пасля вяртання ў родную вёску загадвала комплексным прыёмным пунктам.

— Пачынаць шчыраваць у «культуры» было не зусім проста, — казала загадчыца СДК. — Але новы вопыт падарыў шэраг прыемных знаёмстваў, захапленняў. Апошнім часам, напрыклад, люблю рабіць кветкі з гафрыраванай паперы, спрабую шыць лялькі. На жаль, на ўсё не хапае часу, аднак на выпечку яго заўжды стараюся знайсці. Сёння ўжо нямногія з ёй «возяцца» дома, аддаюць перавагу магазіннай. Аднак куплёныя кулічы не параўнаюцца па водары і смаку з хатнімі. Упэўненая, што ў тым ліку дзякуючы ім сямейныя святы становяцца яшчэ больш утульнымі.



Велікодны куліч ад Яўгеніі Свецікавай

Вам спатрэбіцца: 700 г мукі, 250 мл малака, 120 г сметанковага масла, 80 г смятаны, 1/3 ч.л. солі, 4 яйкі, 150 г цукру, 50 г разынак, 25 г дражджэй, 1 г ваніліну.

Прыгатаванне. У 45 г цёплага малака пакласці 25 г дражджэй і сталовую лыжку цукру. Усё перамяшаць і паставіць на некалькі гадзін у цёплае месца. Гэтым часам выліць у каструлю 210 мл малака і давесці да кіпення з 50 г сметанковага масла пакаёвай тэмпературы. Дадаць 50 г мукі, перамяшаць і пакінуць астываць.

Ад 4-х яек аддзяліць жаўткі. Да іх дадаць 1/3 ч.л. солі, 70 г цукру і ванілін. Усё ўзбіваць міксерам на працягу 40 секунд. Змяшаць усе тры складнікі.

Астатні цукар (80 г) узбіць з 4-ма бялкамі, умяшаць іх у цеста разам з 80 г смятаны і 70 г масла. Дадаць мукі і добра перамяшаць. Цеста накрыць плёнкай і на 1 гадзіну паставіць у цёплае месца, каб паднялося. Перад тым як запоўніць ім на 1/3 круглыя формы, умяшаць у цеста высушаныя і абваляныя ў муцэ разынкі. Выпякаць 30-40 хвілін пры тэмпературы 180 оС.

Гатовыя кулічы ўпрыгожыць памадкай. Для яе прыгатавання 100 г цукру змяшаць з 40 мл вады і давесці да кіпення. Туды дабавіць раствораныя ў 18-ці мл вады 3 г жэлаціну. Усё ўзбіваць міксерам, пакуль не загусцее. Памадка гатовая!



Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
«Перазвоны» принесли награды учащимся Поставской ДШИ им. А. Тизенгауза
На занятии экологического клуба «Экоша» воропаевские ребята узнали о птицах Беларуси
Главными героями мероприятия «Руки, творящие чудеса» стали талантливые люди Поставщины



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.