Круглы год – у фарбах лета
Любімыя кветкі пастаўчанкі Кацярыны Юрковай — лілеі. У цёплую пару года ля яе прыватнага дома па вуліцы Бальнічнай квітнеюць як мінімум паўтара дзясятка іх сартоў.
Але хіба лілеі не могуць радаваць вока круглы год? Калі творча падысці да справы, то яшчэ як могуць! Дзякуючы навучальным відэа на YouTube Кацярына навучылася рабіць незвычайныя па памеры і прыгажосці кветкі, якія здалёк ад жывых не адрозніш.
Калі я ўбачыла здымкі ў сацсетках, доўга не магла зразумець: як наогул можна зрабіць сваімі рукамі такі цуд? З чаго? За які час? Даць адказы на гэтыя пытанні магла толькі сама майстар…
— Для вырабу гэтых кветак выкарыстоўваю сучасны высокатэхналагічны матэрыял — ізалон, — тлумачыла Кацярына Юркова. — Ён знайшоў шырокае прымяненне як у будаўніцтве (для ўцяплення і гідраізаляцыі пабудоў), так і ў стварэнні ўпрыгажэнняў і дэкаратыўных вырабаў. Сам па сабе рулон ізалона таўшчэзны, але матэрыял гэты не «капрызны», а падатлівы, з яго можна зрабіць вытанчаныя вырабы. Праўда, для гэтага ў «арсенале» павінен быць зусім не жаночы набор інструментаў: пласкагубцы, паяльнік, будаўнічы фен… Па жаданні такую кветку можна зрабіць з падсветкай, і яна будзе выкарыстоўвацца як лямпа. На стварэнне адной работы патрэбна некалькі дзён.
Кацярына Юркова ўжо пяць гадоў зарэгістравана як рамеснік. З фамерану, аксаміту і іншых матэрыялаў вырабляе на продаж рызінкі для валасоў, заколкі, абадкі, брошкі, упрыгажэнні для вясельных прычосак і інш. Майстравала нават крылы анёла для фотасесіі! Ледзьве не тыдзень давялося прастаяць над імі на каленях, але вынік быў таго варты.
— Творчасцю займаюся з дзяцінства, — расказвала майстар. — Сябры гулялі ў двары, а я шыла лялькам (а потым і сабе) сукенкі. Любіла таксама маляваць, вязаць, плесці з саломкі. Гэтыя захапленні, напэўна, перадаліся па спадчыне, бо і мама, і бабуля — рукадзельніцы, у іх залатыя рукі. Разнастайныя вырабы ўжо стварае і мая сямігадовая дачка. Бачу, як яна захоплена справай, колькі ў яе ідэй, — і сэрца радуецца…
Рамесніцкая дзейнасць для пастаўчанкі — не асноўная: яна працуе музычным кіраўніком у дзіцячым садку, а творчасці прысвячае ўвесь вольны час.
— Над вырабамі сяджу і ноччу, і ў выхадныя, і ў водпуску, — гаварыла Кацярына. — Бывае, злуюся (калі нешта не атрымліваецца) і парываюся кінуць гэту справу. Але і пару дзён не магу пасядзець без творчага занятку. Так, ён часам стамляе фізічна, але маральнае задавальненне, якое атрымліваеш ад працэсу, пераважае над усім.
Іна Сняжкова
Читайте также:
Скрапбукинг и кардмейкинг. Посмотрите, какую красоту создает поставчанка Наталия Брись
Не торты, а произведения искусства создает жительница аг. Новоселки Ольга Бугай
Злата Ярошевич из Новоселок стала дважды лауреатом I степени в международном телепроекте «Кубок Дружбы»