Кветкі, якія не вянуць
Іх сваімі рукамі стварае Алена Сырапятка. Прычым гэтай прыгажосцю можна не толькі любавацца, але і… мыцца, бо гэта — духмянае мыла.
Алена жыве ў маленькай вёсцы Ясюкі непадалёк ад Варапаева. Яна даўно зарэкамендавала сябе як добры майстар па манікюры і педзікюры — у гарпасёлку мае свой «кабінет прыгажосці». А нядаўна вырашыла паспрабаваць сябе ў новай справе — мылаварэнні.
— Пачалося ўсё з таго, што мне патрэбна было зрабіць навагоднія падарункі сваім шматлікім родным, — расказвала Алена. — Хацелася, каб гэта было штосьці незвычайнае, крэатыўнае. На старонцы аднаго з браслаўскіх майстроў у інтэрнэце ўбачыла сувенірнае мыла, якое вельмі запала ў душу. Ужо хацела афармляць заказ, як раптам з’явілася ідэя: чаму б не паспрабаваць зрабіць такія яркія прэзенты самой?
Для пачатку жанчына заказала на спецыялізаваных сайтах усе патрэбныя інгрэдыенты: мыльную аснову, фарбавальнікі, араматызатары, натуральнае масла для змякчэння скуры і інш. Потым дзякуючы відэаўрокам навучылася рабіць з усяго гэтага вытанчаныя кветкі і іншую прыгажосць, якая прыйшлася даспадобы не толькі родным, але і сябрам, знаёмым, знаёмым знаёмых…
Алена Сырапятка зарэгістравалася як рамеснік і пачала прадаваць свае вырабы. Прыхільнікі яе творчасці з’явіліся і ў Варапаеве, і ў райцэнтры, і нават у іншых раёнах.
Перад святамі попыт на «мыльныя» сувеніры істотна ўзрастае. Цяпер у рабоце таленавітай жанчыны самы бум: нядаўна было свята закаханых, наперадзе Дзень абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка. Попытам карыстаюцца не толькі кветкі, але і вырабы ў выглядзе гадзінніка, кашулі з гальштукам, падковы, бутэлькі шампанскага ці бляшанкі ікры… Майстар прапануе і варыянты прэзентаў для дзяцей. Тыя застаюцца ў захапленні ад адзінарогаў і іншых фігурак з мыла, нават просяць у бацькоў як мага часцей мыць рукі.
— Калі я толькі пачынала займацца рамесніцтвам, у мяне было каля 20 форм для вырабаў. Цяпер іх каля сотні, — гаварыла суразмоўца. — Асновы для мыла заказваю не 2 кілаграмы, як у пачатку, а 60. Каб ператварыць яе ў сувеніры, патрэбна вельмі шмат часу, але мне падабаецца гэты занятак, таму ёсць вялікае жаданне вучыцца новаму, удасканальваць навыкі. Не так даўно пачала рабіць скрабы для цела, «бомбачкі» для ванны, мачалкі…Ёсць і іншыя ідэі па развіцці сваёй справы. Спадзяюся, і іх хутка ўдасца ўвасобіць у жыццё.
Іна Сняжкова
Читайте также:
Не торты, а произведения искусства создает жительница аг. Новоселки Ольга Бугай
Поставчанка Екатерина Юркова создает необычные по размеру и красоте цветы из изолона
Поставчанка Надежда Новицкая — финалистка конкурса «Миссис Вселенная Беларусь»