Сваіх гаспадароў чакаюць 2 тысячы новенькіх кантэйнераў умяшчальнасцю 120 літраў. Палова з іх разлічана на збор цвёрдых камунальных адходаў, другая — на збор другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Кантэйнеры набыты ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Кожны каштуе 62 рублі 50 капеек. Сродкі на іх пакупку выдзеліла дзяржаўная ўстанова «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Мяркуецца, што яны не толькі палепшаць санітарныя ўмовы пражывання ў прыватным сектары, пазбавіўшы людзей неабходнасці складзіраваць смецце абы дзе, але і паспрыяюць раздзельнаму збору адходаў. Пластыкавыя ёмістасці герметычна закрываюцца, што не дазволіць ветру ці жывёлам разносіць смецце. Яшчэ адзін плюс — кампактнасць. Таму знайсці месца для ўстаноўкі кантэйнера на тэрыторыі ўчастка нескладана.
— На адно домаўладанне выдаецца два кантэйнеры: адзін — для змешаных цвёрдых камунальных адходаў, другі — для адходаў другаснай сыравіны, — тлумачыць намеснік дырэктара УП ЖКГ Сяргей Пляшкун. — Каб атрымаць іх у часовае карыстанне, неабходна звярнуцца да спецыялістаў нашага прадпрыемства і заключыць дагавор. Зрабіць гэта можна ў працоўныя дні з 8.00 да 17.00 (абед — з 13.00 да 14.00) па адрасе: г. Паставы, вул. Варашылава, д. 1, каб. №15. Да месца вашага пражывання кантэйнеры мы даставім самі. Пасля заключэння дагавора адказнасць за захаванасць і правільную эксплуатацыю ёмістасцей нясе жыхар індывідуальнай жылой забудовы.
Кантэйнер шэрага колеру прызначаны для цвёрдых камунальных адходаў. Да іх адносяцца рэшткі харчовых прадуктаў і ўпакоўкі з-пад іх (пакеты ад кетчупу, чыпсаў, малака, смятаны і г.д.), аднаразовыя кантэйнеры, сродкі асабістай гігіены, старая вопратка і абутак, дробныя бытавыя прадметы, адходы тэкстылю, канцылярскія вырабы. Месца ў гэтай ёмістасці і шпалерам, фотаздымкам, папяровым ручнікам, пачкам з-пад запалак, а таксама люстэркам, хрусталю, кераміцы і каляроваму фасаднаму шклу. Увесь гэты «скарб» будзе захаваны на палігоне.
Дагавор на бясплатнае карыстанне кантэйнерамі заключаецца па адрасе:
г. Паставы, вул. Варашылава, д.1, каб. №15. Даведкі па тэлефоне 4-06-87.
Вываз цвёрдых камунальных адходаў будзе ажыццяўляцца па наступным графіку: на маршрутах №№ 1, 2, 6, 7, 8 — у першую і трэцюю суботу месяца, на маршрутах №№ 3, 4, 5, 9, 10 — у другую і чацвёртую суботу месяца.
У карычневы кантэйнер неабходна збіраць другасныя матэрыяльныя рэсурсы: слоікі, шкляныя бутэлькі і посуд, чыстую кардонную і папяровую ўпакоўку, газеты, часопісы, кнігі, сшыткі, рэкламныя буклеты. Сюды ж складзіруйце пластыкавыя бутэлькі, ёмістасці з-пад касметыкі і бытавой хіміі, поліэтыленавыя пакеты і плёнку, поліэтыленавыя і поліпрапіленавыя гаршкі для кветак, упакоўку тэтра-пак, алюмініевыя і бляшаныя ёмістасці з-пад кансерваў. Размяжоўваць адходы не трэба — за вас гэта зробяць на станцыі дасартыроўкі па вуліцы Пушкінскай.
Другасныя матэрыяльныя рэсурсы смеццявоз будзе забіраць раз на месяц. На маршрутах №№ 1, 2, 8 — у першы чацвер месяца, №№ 6, 7 — у другі чацвер месяца, №№ 3, 4, 9 — у трэці чацвер месяца, №№ 5, 10 — у чацвёрты чацвер месяца.
Каб смеццявоз мог без перашкод загрузіць адходы, у дзень іх вывазу домаўладальнікі павінны выстаўляць кантэйнеры ў даступнае месца.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Не торты, а произведения искусства создает жительница аг. Новоселки Ольга Бугай
В Поставах в микрорайоне 6-го городка открылся новый детский сад
7,5 тонны шишек елки необходимо заготовить работникам Поставского лесхоза