Цяпер аншлаг
З 1 студзеня ўладальнікам машын у Беларусі пры праходжанні тэхагляду больш не трэба плаціць дзяржпошліну за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Замест гэтага з’явіўся транспартны падатак. Такая навіна вельмі ўзрадавала аўтааматараў, якія адразу ж пацягнуліся на станцыі дыягностыкі. У выніку на многіх з іх нават утварыліся чэргі.
Не стала выключэннем і дыягнастычная станцыя ўчастка г. Паставы філіяла «Аўтатранспартнае прадпрыемства №16 г. Глыбокае», дзе я пабывала 6 студзеня. Нягледзячы на тое, што прыехала сюды пасля абеду ў перадсвяточны дзень, калі праваслаўныя вернікі рыхтаваліся сустракаць Раство Хрыстова, на ТА быў сапраўдны аншлаг. Работнікі станцыі ўдвух правяралі тэхнічную спраўнасць машын. Але чарга з аўто не змяншалася, як і колькасць іх уладальнікаў перад кабінетам аплаты праходжання тэхагляду і атрымання адпаведных дакументаў. Па словах начальніка дыягнастычнай станцыі Валерыя Цітовіча, такая карціна назіраецца з першага дня работы ў новым годзе.
— Як толькі з’явілася афіцыйнае паведамленне пра тое, што пошліну за допуск да ўдзелу ў дарожным руху адвязалі ад тэхагляду, у нас пачаўся ажыятаж: аўтамабілісты раптам успомнілі, што не прайшлі ТА, — расказваў Валерый Анатольевіч. — Калі перад Новым годам у дзень прыязджала 10-15 машын, то ўчора іх было 57. Сёння да абеду — 31, і да канца дня, хоць ён і скарочаны на гадзіну, будзе не менш, чым напярэдадні.
Пасля ўвядзення ў 2015 годзе названай вышэй пошліны, якая адчувальна ўдарыла па кашальку беларусаў, колькасць жадаючых прайсці тэхагляд транспартных сродкаў стала рэзка падаць. Напрыклад, у Паставах у той год не даехалі на дыягнастычную станцыю каля 15% аўтамабілістаў. А ў 2020-м прыехалі толькі 35%. У маштабах рэспублікі летась гэта лічба аказалася яшчэ ніжэйшай: ТА прайшлі ўсяго 14% ад агульнай колькасці зарэгістраваных у краіне аўтамабіляў.
Цяпер, на думку спецыялістаў, сітуацыя павінна выправіцца. Новы транспартны падатак істотна ніжэйшы за былую дзяржпошліну. Яго памер залежыць ад вагі і ўзросту аўтамабіля. Так, за машыну масай да 1,5 тоны ў год давядзецца заплаціць 61 рубель; ад 1,5 да 1,75 тоны — 81 рубель; ад 1,75 да 2 тон — 102 рублі; ад 2 да 2,25 тоны — 122 рублі і г. д. За эксплуатацыю матацыкла трэба выкласці 40 рублёў.
Плаціць падатак будуць усе, хто афіцыйна валодае транспартным сродкам: звычайныя грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі, арганізацыі. Налічаць яго і тым, хто набыў машыну ў лізінг. Пры гэтым ёсць шэраг вызваленых ад платы. Сярод іх уладальнікі электрамабіляў (такая льгота будзе дзейнічаць да 31 снежня 2025 года) і транспартных сродкаў, выпушчаных не пазней за 1991 год. Таксама прадугледжаны льготы для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў і пенсіянераў. Для іх сума падатку зніжана на 50%. Выключэнне складаюць інваліды ІІІ групы, для якіх скідка роўная 25%. Але тут маецца адзін важны нюанс: дадуць скідку толькі пры наяўнасці ў льготніка сапраўднага вадзіцельскага пасведчання адпаведнай катэгорыі. Таму аформіць аўтамабіль на бабулю-пенсіянерку, каб заплаціць у два разы менш, не атрымаецца.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Читайте также:
При пожаре в частном доме Поставского района погиб инвалид 1-ой группы
Прапорщик Виталий Вашкинель признан лучшим старшим механиком Сморгонской пограничной группы