Як наноў нарадзіліся
У мінулым годзе надвор’е на Вадохрышча было амаль вясеннім — бясснежным і з плюсавой тэмпературай. Гэта, безумоўна, засмуціла ўсіх аматараў акунацца ў палонку, бо лёд на вадзе папросту адсутнічаў. Затое сёлета загартаваныя пастаўчане адвялі душу па поўнай: метэаўмовы былі ідэальнымі.
Сёлета купанні былі не каля вадалазна-выратавальнай станцыі, а з боку гарпарку. Хаця і на гэты раз супрацоўнікі раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах прынялі самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы масавага мерапрыемства: вырубілі палонку, якую ў той дзень асвяціў протаіерэй Валерый Пашкевіч, зрабілі прыступкі для спуску ў ваду, да вечара неслі на Мядзелцы дзяжурства.
Падрыхтаваць вадохрышчанскія купанні ўпершыню дапамог пастаўскі каяк-клуб «Маяк». Яго ўладальнік Віталій Улыбін даў у карыстанне будынак клуба (у ім раней знаходзілася лодачная станцыя). Там можна было пераапрануцца, пагрэцца, папіць гарачага чаю з саладосцямі.
Па падліках выратавальнікаў, народную традыцыю сёлета на Вадохрышча ўшанавалі каля сямі дзясяткаў чалавек. Сярод іх былі людзі рознага ўзросту — ад школьнікаў да пенсіянераў. Калі я папрасіла некаторых з іх падзяліцца ўражаннямі, то неаднойчы пачула: «Быццам наноў нарадзіўся!»
— Я акунаюся з 2002 года, — вылезшы з палонкі, гаварыў 55-гадовы Аляксандр. — Паспрабаваў аднойчы — і «захварэў» гэтым назаўжды. Прастываць — не прастываў ні разу, хаця быў у вадзе і ў мароз пад 30 градусаў. Купаюся і вясной, і восенню. Урач кажа, што такое пераахаладжэнне не на карысць арганізму, але ўтрымацца складана: настолькі моцныя гэтыя адчуванні.
Іна Сняжкова
Фота і відэа Наталлі Налей
Читайте также:
Уже 20 лет несёт слово Божие протоиерей Георгий Лакотка в храме Воскресения Христова в Воропаеве
В костеле Святого Антония Падуанского 10-й год работает столовая для обездоленных