«Скользкая» тема. Частые зимние травмы: как избежать и что делать?

Безопасность Важное

Асцерагайцеся зімовых траўм

Зіма ўмацоўвае свае пазіцыі. Разам з забавамі і казачным хараством прыроды, якія шчодра дорыць гэта пара года, яна яшчэ і тоіць у сабе вялікую небяспеку. Як засцерагчыся ад халадовых і галалёдных траўм, чаму апошнія асабліва непажаданыя для пенсіянераў, а таксама якія непрыемнасці могуць чакаць аматараў катання на цюбінгах з гары? Разбіраемся са спецыялістамі.

Ішоў, упаў… Апрытомнеў – гіпс

У гэтым зімовым сезоне першым пра сябе нагадаў галалёд: месяц назад па ўсёй краіне ён ператварыў дарогі і тратуары ў суцэльны каток. Найбольшую колькасць траўм медыкі зафіксавалі на Віцебшчыне. У снежні з галалёднымі траўмамі ў Пастаўскую ЦРБ звярнуліся 16 чалавек. Хоць зараз гэта не зусім актуальна, але нагадаць правілы паводзін у галалёд лішнім не будзе.

— Па магчымасці старайцеся не выходзіць з дому, — раіць загадчык паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Міхаіл Петух. — Асабліва гэта датычыць пажылых лю­дзей. У іх узросце на фоне гарманальнай перабудовы косці страчваюць кальцый, што вядзе да павышэння іх ломкасці. Нават лёгкія пераломы ў іх зрастаюцца доўга, могуць выклікаць сур’ёзныя функцыянальныя расстройствы.

"Скользкая" тема. Частые зимние травмы: как избежать и что делать?

Калі ўсё ж такі выйсці на вуліцу неабходна, у першую чаргу звярніце ўвагу на абутак. Ён павінен быць зручным, устойлівым, сухім. Трэба пазбягаць абутку на шпільках і высокіх абцасах. Адзенне таксама павінна быць зручным і не абмяжоўваць рухаў. Гэта дазволіць згрупавацца падчас падзення. Перасоўвацца па галалёдзе трэба вельмі асцярожна: рухацца павольна на напаўсагнутых нагах. Не трымайце рукі ў кішэнях, бо гэта павышае верагоднасць атрымання цяжкіх траўм. Трымайцеся далей ад праезнай часткі і ні ў якім разе не перабягайце яе. Будзьце ўважлівымі.

Пры лёгкай траўме да ўдаранага месца прыкладзіце што-небудзь халоднае. Гэта зменшыць ацёк і боль. Грэць балючае месца нельга. Пры больш сур’ёзных пашкоджаннях звяртайцеся ў «хуткую».

Прычына непрыемнасцей – хуткасць і некантралюемасць

Студзень шчодра ўкрыў зямлю снегам і тым самым паспрыяў вясёламу баўленню часу дзяцей і дарослых на свежым паветры. У апошнія гады асаблівай папулярнасцю карыстаюцца цюбінгі. Але катанне на іх можа прывесці да сур’ёзных праблем. І гэта не толькі пераломы і чэрапна-мазгавыя траўмы, але і пашкоджанні ўнутраных органаў. Па словах медыкаў, апошнія можна параўнаць з траўмамі, атрыманымі ў дарожна-транспартнай аварыі, калі чалавек не прышпілены рамянём бяспекі.

— Прырода падарыла нам цудоўны ландшафт у вёсцы Шыркі. Яго «фішка» — горкі з крутым спускам, на якіх штогод катаюцца жыхары раёна, — расказваў Міхаіл Петух. — Але рабіць гэта не пажадана, бо яны маюць вялікі градус нахілу, і пры спуску з іх развіваецца хуткасць да 40 кіламетраў у гадзіну. Калі на ёй урэзацца ў перашкоду, адбудзецца сур’ёзнае малекулярнае страсенне ўсіх тканак арганізма, якое можа мець як імгненныя, так і аддаленыя наступствы.

"Скользкая" тема. Частые зимние травмы: как избежать и что делать?

За чатырохдзённыя выхадныя ў сувязі са святамі з зімовымі траўмамі ў паліклініку звярнулася 7 чалавек. Два з іх адпраўлены ў абласную траўматалогію. ­Адзін з пацярпелых — сямігадовы хлопчык. Катаючыся на цюбінгу ў Шырках, дзіця сутыкнулася з іншым адпачывальнікам, у выніку чаго атрымала пералом рукі са змяшчэннем.

Спецыялісты адзначаюць, што за апошнія 5 гадоў «цюбінгавая» траўма выйшла на першае месца. Усплёск траўматызму фіксуецца, як толькі наступае сапраўдная снежная зіма. Зразумела, забараніць людзям карыстацца цюбінгамі немагчыма, бо катанне на іх вабіць дзяцей і дарослых вялікай хуткасцю і некантралюемасцю. Але менавіта яны і становяцца прычынамі атрымання траўм.

— Калі раней гэта прылада выкарыстоўвалася выключна як спартыўны інвентар — у месцах, прызначаных для бяспечнага катання пад наглядам інструктараў і пры адпаведнай падрыхтоўцы, то зараз яна ў вольным доступе, — тлумачыць начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі. — Для катання на цюбінгу неабходная спецыяльная экіпіроўка, якая змякчае сілу ўдару, да таго ж многія горкі не прызначаныя для катання, бо маюць ля падножжа розныя перашкоды: дрэвы, прыпаркаваныя аўтамабілі, арматуру і г.д. Пры сутыкненні з імі траўма непазбежная.

Таму так важна захоўваць правілы бяспекі. Калі немагчыма выехаць у спецыяльна абсталяваныя для катання на гэтых снарадах месцы (а ў Пастаўскім раёне іх няма), дарослым варта аб’яднацца і кантраляваць працэс: адным стаяць унізе горкі, другім — уверсе, і пакуль адно дзіця не з’едзе, другое не павінна пачынаць рух.

Калі мароз кусае за нос

У гэтыя выхадныя ціскануў моцны мароз: слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за 20 градусаў. У такое надвор’е небяспека падсцерагае ўсіх, хто знаходзіцца на адкрытым паветры. Рызыка атрымаць абмаражэнне (пашкоджанне тканак, выкліканае ўздзеяннем нізкіх тэмператур) павялічваецца ў разы. Асабліва хутка замярзаюць кісці рук, ступні і твар.

Аказанне першай дапамогі пры абмаражэнні лёгкай ступені зводзіцца да аднаўлення кровазвароту ў пашкоджаных тканках паступовым саграваннем. Трэба адвесці чалавека ў цёплае памяшканне, надзець яму рукавіцы альбо абматаць кісці ручніком. Саграваць канечнасці цёплай вадой ці расціраць іх снегам недапушчальна. Пад забаронай і ўжыванне алкаголю. І не толькі таму, што чалавек «пад градусам» не здольны адэкватна ацаніць сітуацыю. Алкаголь расшырае сасуды, у выніку чаго ў разы ўзмацняецца цеплааддача.

А вось пераахаладжэнне — моцнае ахаладжэнне арганізма — у адрозненне ад абмаражэння можна атрымаць і пры нулявой тэмпературы паветра. Як правіла, да гэтага прыводзіць нашэнне цеснага альбо вільготнага абутку.

Вераніка Філановіч
Фота Антона Чаляя



Читайте также:
Зимняя погода активизировала поставчан отдыхать на свежем воздухе
Турклуб «Магелан» объединил любителей активного отдыха
В ближайшее время в Поставах зальют катки возле СШ №1 и №4, в 6 городке и на Юбилейной



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.