Рукі цягнуцца да дрэва, душа – да паэзіі
Жыхара вёскі Кейзікі, што на Варапаеўшчыне, Івана Кейзіка смела можна назваць майстрам на ўсе рукі. Ён умее вязаць пруткамі, шыць на швейнай машынцы, 30 гадоў займаецца пчалярствам. Але самае вялікае захапленне мужчыны — гэта сталярства і разьба па дрэве.
Майструе Іван Іванавіч з дзяцінства. Яшчэ 7-гадовым хлопчыкам выразаў у школу коней, сані, іншыя фігуркі і прадметы, зрабіў сабе лыжы. Навучыўся гэтаму ад бацькі, які быў добрым сталяром. Не пакінуў любімы занятак, і калі вырас.
Праходзіць тэрміновую службу нашаму земляку давялося ў расійскім горадзе Яраслаўлі, дзе неўзабаве ажаніўся. Там, выязджаючы летам на Волгу, рэзаў з бярозы лыжкі, адмысловыя вазы пад фрукты і цукеркі і прадаваў іх дачнікам і іншым адпачывальнікам. Таксама працаваў рэзчыкам па дрэве ў іканастасным цэху. А калі яго закрылі, вырашыў вярнуцца з сям’ёй у родныя Кейзікі. Уладкаваўся шафёрам у саўгас «Варапаева», потым перайшоў у дыстанцыю пуці аператарам дэфектаскопнай цялежкі. Пасля заканчэння брэсцкага чыгуначнага тэхнікума шмат гадоў адпрацаваў электрамеханікам на чыгунцы ў Паставах. Выйшаўшы на пенсію, па сямейных абставінах зноў пераехаў у Яраслаўль. Але пражыў там усяго два гады, кажа, не было чым заняцца ў гарадской кватэры. І ў чарговы раз вярнуўся на радзіму.
Нягледзячы на тое, што цяпер жыве адзін, сумаваць пенсіянеру няма калі. Хапае хатніх спраў, а таксама заказаў ад знаёмых і незнаёмых людзей.
— Зараз вось навезлі ласіных і казіных рагоў, клыкоў дзікоў. Трэба іх асадзіць, — расказваў. — Заказваюць таксама кармушкі для птушак. Спачатку рабіў простыя, а потым пачаў упрыгожваць разьбой. Пакупнікам яны вельмі падабаюцца. Прадаю ў Варапаеве і Паставах. Адна жанчына заказала набор з шасці чайных лыжак. Выразаю і лыжкі для мёду і варэння з доўгімі ручкамі. Мужчына неяк папрасіў мяне зрабіць драўляны відэлец, бо не любіць есці металічным. Выканаў яго просьбу. Той застаўся задаволены.
Чаго толькі ні рабіў за сваё жыццё Іван Кейзік! Не ў адным катэджы пад Мінскам стаяць яго лесвіцы. Не адзін паляўнічы адпраўляецца ў лес са стрэльбай з выразаным умелымі рукамі майстра прыкладам. У многіх дома захоўваюцца кінжалы, для якіх ручкі і ножны таксама афармляў Іван Іванавіч. Па словах мужчыны, ён можа выканаць практычна любы заказ. Для гэтага ў хатняй майстэрні маюцца балгарка, электрычны лобзік, ручная і аўтаматычная цыркулярныя пілы, фуганак, такарны станок.
Ну а калі заказаў няма, гаспадар майструе для сябе. Упрыгожыў шафу, выразаўшы калоны, разныя карніз і налічнікі на дзверы. Зрабіў прыгожую раму для люстэрка, палічку і вешалку для ручнікоў на кухні. Зараз займаецца вуллямі для ўласнай пасекі, якую плануе расшырыць. Па вечарах, управіўшыся па гаспадарцы, любіць узяць у рукі паэтычныя зборнікі А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава, С. Ясеніна, яраслаўскага паэта Сяргея Арлова. Многія вершы гэтых аўтараў ведае на памяць.
Вось такі ён, непрыкметны на першы погляд, вясковы жыхар з залатымі рукамі і паэтычнай душой.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Читайте также:
Поставчанин Сергей Форманюк вручную шьет все изделия кожгалантереи
В 2020-м году конкурс «Мастера деревни» проходил в заочном формате. Кто победил в этот раз?
Иван Кейзик из д. Кейзики ухаживает за аистом, выжившим после падения гнезда