Прышчэпка ад «кароны»
У Беларусі пачалася вакцынацыя ад каранавіруса. Каму рабіць прышчэпку ад інфекцыі ёсць сэнс, а каму нават пры вялікім жаданні яна супрацьпаказана? У гэтых і іншых пытаннях «Пастаўскі край» разбіраецца са спецыялістамі.
Раёнка ўжо пісала, што вакцынацыя будзе паэтапнай. У прыватнасці, цяпер на Пастаўшчыне расійскім медпрэпаратам «Спутник V» бясплатна прышчапляюць медыцынскіх работнікаў. За імі на чарзе тыя, хто па родзе сваёй дзейнасці шмат кантактуе з людзьмі: педагогі і работнікі сацыяльнай службы. З красавіка плануецца прышчапляць усіх жадаючых. Аднак, нягледзячы на тое што масавая вакцынацыя пачнецца праз 2 месяцы, запісвацца ў «добраахвотнікі» трэба ўжо зараз. Для гэтага жыхарам Пастаўшчыны пра свой намер неабходна паведаміць участковаму ўрачу. Менавіта ён складае спісы. У нашым раёне ўжо запісалася 218 чалавек.
Вакцынцыя будзе праходзіць у паліклініцы Пастаўскай ЦРБ. За дастаўку прэпарата да месца яе правядзення адказвае Віцебскае РУП «Фармацыя», а за яго захоўванне — медустанова. Каб не парушаўся халадовы ланцуг, ЦРБ атрымала спецыяльны маразільнік. Кожны флакон вакцыны змяшчае 5 доз. Таму вельмі істотна, каб пасля яго распакоўвання медпрэпарат захоўваўся не больш за 2 гадзіны. З мэтай арганізацыі бесперапыннага працэсу складуць графікі правядзення працэдуры.
— Сур’ёзных пабочных эфектаў пасля прымянення расійскай вакцыны не зафіксавана, — інфармуе ўрач-эпідэміёлаг райЦГЭ Людміла Сафронава. — У некаторых выпадках назіраліся лёгкія пабочныя эфекты: дрыжыкі, павышаная тэмпература цела, галаўны боль. Але ўсе яны сведчаць пра актыўную выпрацоўку імунітэту. Для таго каб выпрацаваўся працяглы імунітэт, прышчэпку робяць двойчы з перапынкам у 21 дзень. Першая і другая дозы адрозніваюцца саставам кампанентаў. Пры гэтым трэба ўлічваць, што імунітэт з’яўляецца праз 42 дні пасля першага вакцынавання. Увесь гэты час рэкамендавана насіць ахоўную маску, прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыравання.
Вакцына разлічана на паўналетніх (ранейшыя абмежаванні — не старэй за 60 гадоў — знятыя). У першую чаргу эпідэміёлаг раіць прышчапіцца тым, у каго лабараторна не быў пацверджаны COVID-19. Не будзе лішнім гэта зрабіць і тым, хто перахварэў 3-6 месяцаў назад. Пасля вакцынацыі да двух гадоў захоўваецца шырокі спектр дзеяння імунітэту. Па словах спецыяліста Расспажыўнагляду, якія прыводзіць Людміла Мікалаеўна, узбуджальнік каранавіруса замацуецца ў чалавечай папуляцыі і будзе цыркуляваць і далей.
Дакладна вызначыцца, ці патрэбна вам вакцынацыя, дапаможа платны тэст на колькасць імунаглабулінаў ад каранавіруса груп M і G.
— Імунаглабулін М — маркёр віруснай інфекцыі, — тлумачыць загадчык паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Міхаіл Петух. — Ён з’яўляецца першым і хутка нарастае да 7-10-га дня захворвання. Захоўваецца ў арганізме да паўтара месяца. Сведчыць пра вострую форму хваробы. Імунаглабулін G з’яўляецца на 10-14-я суткі, трымаецца да паўгода і азначае, што ў чалавека ёсць імунітэт да інфекцыі. Калі ў чалавека па выніках тэсту паказчык імунаглабуліну 20 і больш, то ён можа з’яўляцца донарам плазмы крыві для хворых на COVID-19.
Міхаіл Лявонцьевіч звяртае ўвагу на тое, што ў свеце імкліва з’яўляюцца новыя штамы каранавіруса. Нават на ўзроўні нашага раёна медыкі адзначаюць значныя адрозненні клінічных праяўленняў хваробы ў першую і другую хвалі. Таму ўсім, хто жадае засцерагчыся ад інфекцыі пры дапамозе «Спутника V» ці іншага медпрэпарата, трэба ўлічваць, што і імунітэт, і прышчэпка дзейнічаюць толькі ад таго антыгену, на які вы хварэлі альбо супраць якога вакцынаваліся.
Дадзены прэпарат супрацьпаказаны тым, хто мае гіперадчувальнасць да якога-небудзь яго кампанента, цяжкія алергічныя рэакцыі, вострыя інфекцыйныя і хранічныя захворванні, вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі і захворванні страўнікава-кішачнага тракта. Таксама вакцына забаронена жанчынам у перыяд цяжарнасці і груднога выкормлівання.
Вераніка Філановіч
Читайте также:
Медики Поставщины благодарны всем, кто помогает в борьбе с COVID-19
Слова благодарности прозвучали в адрес медиков Поставской ЦРБ
В Беларуси началась вакцинация от коронавируса. Когда смогут привиться все желающие?