Яе салодкія работы хочацца разглядаць, як выставачныя экспанаты — дзіўныя, эксклюзіўныя. Часам нават цяжка паверыць, што яны ядомыя і створаныя на кухні вясковай жанчыны, а не ў абсталяваным цэху са штатам высакакласных спецыялістаў. Як такое магчыма? Пра гэта папрасіла расказаць Вольгу.
Яна нарадзілася ў Эстоніі. Дзяцінства прайшло ў невялікім ваенным гарадку, дзе служыў тата. У 1992 годзе, калі дзяўчыне было 16, бацькі прынялі рашэнне пераехаць на Пастаўшчыну. У Навасёлках Вольга скончыла 11-ы клас, пасля — пастаўскае прафтэхвучылішча і полацкі сельгастэхнікум. Некаторы час працавала ў мясцовай гаспадарцы, Пастаўскім мэблевым цэнтры… Аднак рэалізаваць сябе цалкам змагла ў кандытарскай справе. Яна прыносіць і прыбытак, і шмат задавальнення.
— Выпякаць люблю з дзяцінства, — расказвала Вольга Бугай. — Падабалася назіраць за мамай, дапамагаць. Прычым кандытарства было для яе і хобі, і работай — мама працавала ў кафэ і стварала сваімі рукамі розныя саладосці. Аднак асноўным «настаўнікам» у гэтай справе для мяне ўсё ж стаў інтэрнэт: там знайшла безліч інфармацыі пра сучасныя тэндэнцыі выпечкі, варыянты яе аздаблення.
Першыя тарты Вольга гатавала для сябе і сваіх блізкіх. Калі пачала змяшчаць іх фатаграфіі ў «Аднакласніках», атрымала не толькі шмат слоў захаплення, але і прапановы рабіць салодкія прэзенты на заказ. Так і пачаўся шлях да ўласнай справы, якой жанчына займаецца ўжо на працягу 8 гадоў.
— Часу такая творчасць займае шмат. Бывае, што папросту жыву на кухні, — усміхалася суразмоўца. — Цяпер, зімой, заказаў крыху менш і можна больш часу прысвячаць самаадукацыі. Перакананая: калі ёсць імкненне да новых ведаў, то абавязкова знойдзеш магчымасці іх атрымаць. Перапісваюся ў інтэрнэце са сваімі «калегамі» з розных краін і гарадоў, гляджу віртуальныя майстар-класы. Сваімі ведамі дзялюся і сама. Калі да мяне звяртаюцца па параду, не ўтойваю сваіх кулінарных сакрэтаў.
Вольга Бугай прызнаецца, што ў яе нямала планаў па асваенні новых трэндаў у выпечцы тартоў, у тым ліку ў 3D-фармаце. Салодкія вырабы ў выглядзе гамбургера ці бляшанкі з ікрой? Аказваецца, магчыма зрабіць і такія. Жаданне эксперыментаваць у майстра ёсць, а значыць хутка ў яе калекцыі з’явяцца і новыя эксклюзіўныя «экспанаты».
Іна Сняжкова
Фота даслала Вольга Бугай
Читайте также:
Молодой поставчанин Павел Ярош открыл СТО в д. Старый Двор
Скрапбукинг и кардмейкинг. Посмотрите, какую красоту создает поставчанка Наталия Брись
В кафе «Феникс» проводят мастер-классы по приготовлению пиццы для детей