Творчасць як тэрапія
Усю прыгажосць, якую вы бачыце на здымках, стварыла пастаўчанка Наталія Брысь. Яшчэ ў 2015 годзе яна захапілася такімі відамі рукадзелля, як скрапбукінг і картмэйкінг (прасцей кажучы, гэта выраб фотаальбомаў і паштовак).
— Да такіх відаў творчасці мяне падштурхнула малодшая дачка, — расказвала Наталія. — Яшчэ ў садку выхавальнікі заўважылі ў яе добрыя здольнасці да малявання. Я пачала шукаць інфармацыю, як можна іх развіваць, і натрапіла ў інтэрнэце на розныя праграмы. Звярнула ўвагу на маляванне на камп’ютары. А неўзабаве захапілася лічбавым скрапбукінгам: апрацоўвала фатаграфіі, камбінуючы розныя графічныя элементы. Крыху пазней стала вывучаць папяровы скрап, займацца паштоўкамі. Дарэчы, імі захапляюся яшчэ са школьных гадоў, калі мела шмат сяброў па перапісцы з розных краін СССР і доўгі час абменьвалася з імі паштоўкамі. У маёй калекцыі былі сотні тры такіх пасланняў.
Наталія ўсміхаецца, калі ўспамінае першую паштоўку, зробленую сваімі рукамі. Не, першы блін камяком не быў, аднак занадта простай яна цяпер падаецца. За пяць гадоў пастаўчанка сур’ёзна ўдасканаліла свае навыкі, стала выкарыстоўваць новыя матэрыялы. Дзякуючы гэтаму работы сталі яшчэ больш стыльнымі, арыгінальнымі.
У «арсенале» творцы дзясяткі інструментаў і матэрыялаў. Каб стварыць нават самы просты выраб, патрэбны папера, тканіна, скура, спецыяльныя нож і разак, трафарэты, фарбы, грунт, тэкстурная паста, люверсы, штампы, дзіркаколы і нават швейная машынка. І гэта толькі мінімальны спіс неабходнага!
— Кожная мая работа існуе толькі ў адным экзэмпляры, — працягвала Наталія Брысь. — Бывае, што паштоўкі вырабляю серыямі, але нячаста — у асноўным на Новы год. Раней іх прадавала: заказвала і прыватная мінская фірма, і мясцовыя жыхары. Блакноты з беларускім арнаментам паляцелі нават у ЗША. Цяпер ствараю вырабы толькі для сябе. Як скрапбукінг, так і картмэйкінг патрабуюць шмат часу, якога заўжды не хапае. Можна і тры гадзіны прасядзець над адной работай, і больш. Таму твару выключна па натхненні, калі ёсць час і жаданне гэтым займацца. Гэта мой адпачынак ад усіх спраў, своеасаблівая арт-тэрапія, якая дапамагае самавыразіцца, скінуць непатрэбныя эмоцыі. Дачка, якая цяпер вучыцца ў мастацкай школе, часам дае мне парады ў плане афармлення работ. І такая сумесная творчасць для мяне як для маці таксама бясцэнная.
Іна Сняжкова
Читайте также:
Резьба по дереву как образ жизни: Иван Кейзик из д. Кейзики создает шедевры из дерева
Молодой поставчанин Павел Ярош открыл СТО в д. Старый Двор
Працоўны скарб Пастаўшчыны: Семья Варвары и Валентина Станюшей