Ля дома №1 па вуліцы Камунальнай у райцэнтры спыняюцца многія. За аконным шклом у насычана-зялёнай лістоце прывабна жаўцеюць важкія плады лімона. Не адзін-два, а намнога больш. «Няўжо яны натуральныя, а не штучныя?» — адольваюць сумненні.
Натуральныя! У гэтым я пераканалася, завітаўшы да гаспадароў кватэры №3. «Дакладна і не памятаю, колькі гадоў дрэўцу, але не менш за пяць, — расказваў Мечыслаў Казаровец. — А ўвогуле, вырошчваю лімоны даўно. Пачалося з таго, што купіў на рынку маленькі саджанец. Паставіў на падаконнік, і ён пайшоў у рост».
Ніякіх сакрэтаў вырошчвання цытрусавых Мечыслаў Якубавіч не ведае. Зямлю бярэ звычайную, з агарода, палівае вазон, дакладней дрэўца, па меры высыхання глебы, падкормлівае яго ўдабрэннем для цытрусавых толькі падчас плоданашэння. Размнажае раслінку пасынкаваннем. Кажа, што некалькі дрэўцаў падарыў і прадаў.
Гатовы прадаць і яшчэ адно. Але не тое, што раскашуе на акне, а другое — вышэйшае і бухмацейшае. Праўда, на ім зараз толькі 3 плады. А на тым, што на акне, ажно 10 (4 на фотаздымку не бачныя, паколькі схаваліся за лістотай з другога боку). 11-ы гаспадар ужо сарваў і ўзважыў. Пацягнуў на 300 грамаў.
Вырошчванне лімонаў у хатніх умовах патрабуе цярпення: ад завязі плода да яго паспявання праходзіць 7-9 месяцаў, а то і больш. Затое як радасна бачыць на падаконніку такую экзатычную для нашых шырот прыгажосць! І як карысна вітамінізавацца ёй!
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара
Читайте также:
В микрорайоне улицы Юбилейной одну из сажалок облюбовали два семейства лебедей и уток на радость местным жителям
Одни наводят красоту, другие — уничтожают. Неужели не жалко?
Лисички в ноябре? Легко! Станислав Сороко принес домой грибную добычу