Мажэйкі: памяці пра нежывых жыць
Роўна 102 гады назад скончылася Першая сусветная вайна. Сёння, 11 лістапада, у большасці яе краін-удзельніц адзначаюць Дзень прымірэння і ўспамінаюць шматлікіх ахвяр тых падзей.
Тысячы салдат назаўжды палеглі і на пастаўскіх землях. Асабліва кровапралітныя баі адбываліся на тэрыторыі сучаснага Ярэўскага сельсавета. Там і цяпер можна ўбачыць шэраг сведкаў тых далёкіх падзей: захаваліся бетонныя збудаванні і воінскія пахаванні, добра чытаюцца лініі акопаў і ранейшай сеткі вузкакалеек, бачныя вялікія варонкі ад разрываў снарадаў. Расказаць пра ўсё гэта ў адным артыкуле немагчыма (ды і не варта), таму прапаную вывучаць мясцовасць паступова. Сёння — віртуальная гістарычная вандроўка ў вёску Мажэйкі і ваколіцы.
Пра адноўленае пахаванне
За паўтара кіламетра ад Мажэек у цяжкадаступнай балоцістай мясцовасці знаходзіцца невялікае пахаванне часоў Першай сусветнай вайны. Яно ўзнікла ў дні Нарацкай аперацыі 1916 года. У пасляваенны час гэта пахаванне даглядалі жыхары Мажэек, аднак у 70-я гг. мінулага стагоддзя тут «шчыра» папрацавалі чорныя капальнікі — перарылі магілы, раскідаўшы па перыметры астанкі салдат. Шукальнікі гістарычных каштоўнасцей прыходзілі сюды і пазней. Наводзіць пасля іх парадак ахвотных ужо не было.
У 2017-м гэта зрабілі актывісты валанцёрскага руху «Заходні рубеж».
— Калі я тры гады назад упершыню трапіў на месца пахавання, перада мной паўстала жудасная карціна, — успамінаў лідар «Заходняга рубяжу» Андрэй Мацур. — У шматлікіх ямах — раскапаных магілах — стаяла вада. У ёй, як у люстэрку, адбіваліся неба, дрэвы. Стала не па сабе: нібы вокны ў пекла ўбачыў. З-пад зямлі дзе-нідзе тырчэлі перакошаныя пліты, вакол — смецце і паваленыя дрэвы. Папрацаваць давялося шмат. Сёлетняй восенню мы вярнуліся на пахаванне, правялі там яшчэ адзін суботнік і ўстанавілі крыж. Тым самым абазначылі могілкі і ўшанавалі памяць пахаваных там нямецкіх і рускіх салдат.
Пра сумныя падзеі векавой даўнасці сучаснікам нагадваюць больш за два дзясяткі бетонных надмагільных пліт. Яны маюць форму крыжа, на некаторых з іх добра чытаюцца надпісы на нямецкай мове. Акрамя прозвішчаў загінулых, указаны воінскія часці, у якіх служылі, таксама пазначана дата смерці — 16—26 сакавіка 1916 года.
Па ініцыятыве валанцёраў дадзены аб’ект быў пашпартызаваны (зрабіць гэта дапамаглі супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея). Цяпер пахаванне знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Пра «вузкакалейку жыцця» і 45 вандровак на Пастаўшчыну
Мажэйкі і наваколле даўно прыцягваюць увагу даследчыкаў Першай сусветнай. Сярод тых, хто цікавіцца гісторыяй гэтых мясцін і ў вогуле тэмай Вялікай вайны на Пастаўшчыне, — педагогі сярэдняй школы №1 г. Полацка Руслан Воюш і Вячаслаў Дзяменцьеў, а таксама іх вучні.
— Наведваць аб’екты Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне мы пачалі яшчэ ў 2013 годзе, — расказваў Вячаслаў Расціслававіч. — У ваш раён прыязджалі як мінімум 45 разоў і кожны раз знаходзілі штосьці новае. З вучнямі прайшлі амаль усю лінію фронту ад возера Варанец да вёскі Вілейты, шмат размаўлялі з жыхарамі вёсак. Упэўнены, што мы яшчэ неаднойчы вернемся на Пастаўшчыну. У нас ёсць планы стварыць інтэрактыўную карту месцаў баёў, распрацаваць патрыятычны маршрут «Па лініі фронту Вялікай вайны», стварыць музей Першай сусветнай вайны ў нашай школе.
Найбольш часта палачане прыязджалі на Ярэўшчыну. Неаднаразова былі і ў Мажэйках, суседніх вёсках. У час гутарак з жыхарамі, вывучэння літаратуры яны выявілі шэраг тапонімаў, што ўзніклі ў гэтай мясцовасці пасля падзей 1916 года. Пра іх Вячаслаў Дзяменцьеў падрабязна расказаў у дакладзе, які ў 2017 годзе прадставіў на навуковай канферэнцыі ў Брэсцкай вобласці.
«Мясцовы жыхар з вёскі Хацілы расказваў, што яго дзед памятаў, як вяскоўцы хадзілі па палях паміж Мажэйкамі і Хаціламі і збіралі забітых рускіх салдат. Пасля вясны яны пачалі аттаваць з-пад снегу. Ляжалі паўсюль. Пазней, падчас меліярацыйных работ, астанкі салдат выкопвалі з балот. Іх хавалі, дзе давядзецца, крыжоў не ставілі (улады не дазвалялі). Таму пра месцы пахавання інфармацыі амаль няма».
З даклада В. Дзяменцьева
Ціхае поле (Поле Смерці, Поле Доблесці), Лес Івана (Рускі лес), Лапінскі Лес, Балота Мерцвякоў (Мёртвае балота), Прасека Мулі, Лес Гіндэнбурга — гэтыя і іншыя назвы «прыжыліся» на асобных тэрыторыях у паўночна-заходняй частцы Пастаўскага раёна пасля Першай сусветнай вайны. Некаторыя з іх засталіся ва ўжытку мясцовых жыхароў і па сёння. Напрыклад, яны па-ранейшаму называюць Рускім лес, які цягнецца па былой лініі фронту ад Мажэек да Вілейтаў. Тут перад наступленнем канцэнтраваліся рускія войскі, размяшчаліся штабы, пункты сувязі, перадавыя санітарныя лазарэты.
У лясах пад Мажэйкамі праходзіла і «вузкакалейка жыцця». Так называлі пабудаваную немцамі вузкакалейную чыгунку ад Ярэва да Мольдзевіч. Яна пачала дзейнічаць у пачатку 1916 года. Па ёй перавозілі боепрыпасы, правізію, будматэрыялы, асабовы склад. Да сакавіка гэта рабілася з дапамогай коннай цягі. А ўжо пазней з’явіліся бензольныя лакаматывы.
Вузкакалейкай жыцця чыгунку называлі таму, што яна выратавала многіх нямецкіх салдат ад смерці. Насып ад яе заўважны ў лесе і сёння.
Пра «монстра» і Chozile Enge
Наваколле Мажэек цікавае не толькі настаўнікам і вучням з Полацка. Сёлетняй вясной сюды прыязджаў даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў. У адным з фотаальбомаў з яго прыватнай калекцыі ёсць нямала здымкаў, зробленых на ўчастку нямецкай абароны Chozile Enge (ён размяшчаўся паблізу вёскі Хацілы, Ксяндзоўскага і Мажэйкаўскага азёр).
Укрыццё камандзіра 4-й роты лейтэнанта Цыгеля на ўчастку Хацілы. Ліпень 1916 г.
Гэтую мясцовасць Уладзімір Анатольевіч даследаваў упершыню. «Узброіўшыся» даўнімі картамі і здымкамі, на былым участку Chozile Enge ён 6 нямецкіх бетонных бліндажоў. Адзін з іх, метраў 18 у даўжыню, цесна суседнічае з адной з сучасных мажэйкаўскіх дач. Яшчэ адно вялікае бетоннае збудаванне выявіў у лесе. У дзённіку паездкі даследчык жартам называе яго монстрам — настолькі ўражваюць памеры бліндажа.
У прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава таксама ёсць здымак, зроблены 4 лістапада 1916 года на могілках у Ярэве. На ім засведчана пахаванне нямецкіх салдат, якія ў гэты дзень загінулі пры атацы Мажэек. Падрабязна дадзеная ваенная аперацыя апісваецца ў кнізе «Битва у Нарочи».
«В 13.40 два бомбомёта, 26 тяжёлых полевых гаубиц, 16 лёгких полевых гаубиц, две 15-сантиметровые пушки, 36 полевых пушек и 24 миномёта всех калибров начали пристрелку по своим целям. Русская артиллерия отвечала слабо. В 14.30 немецкий огонь усилился до ураганного, вскоре вся деревня окуталась чёрным дымом.
В 15.29 огонь, словно колокол, окружил Можейки, блокируя их, и в 15.30 солдаты нашего полка рванулись вперёд из траншей. Одним броском были преодолены 300 м, отделявшие от противника. Перед самой деревней навстречу застрочили пулемёты. Их расчёты были просто выбиты ручными гранатами, а дальше можно было пройти деревню от края до края. Между тем особые подразделения приступили к разрушению ещё пригодных сооружений, другие собирали пленных и трофеи. Через час всё было кончено».
Сёння Мажэйкі — маляўнічая, ціхая вёска. Яна знаходзіцца на беразе вялікага возера, а таму не адчувае недахопу ў дачніках. Тут ёсць жыццё, у адрозненне ад многіх населеных пунктаў, чые назвы засталіся толькі на геаграфічных картах. Тут ёсць гісторыя — варта толькі ўважліва прыгледзецца да мясцовасці. Тут ёсць месца памяці — яе цяпер сімвалізуе крыж на пахаванні рускіх і нямецкіх салдат.
Жыццё. Гісторыя. Памяць.
У Дзень прымірэння гэтыя словы набываюць асаблівы сэнс…
Іна Сняжкова. Фота з прыватнай калекцыі і архіва Уладзіміра Багданава,
архіва Андрэя Мацура і Вячаслава Дзяменцьева
Читайте также:
Дуки — поставская «машина времени». Предлагаем вернуться в годы Первой мировой войны
Следы Первой мировой на Поставщине. Таким Воронец вы ещё никогда не видели!
Экскурсии в прошлое. История 130-километровой брусчатки Поставы-Вильнюс