4 лістапада ў «Пастаўскім краі» выйшаў артыкул «Усе дарогі вядуць у гісторыю», у якім расказвалася пра будаўніцтва 130-кіламетровай брусчатай дарогі Паставы—Вільня.
Гэты ж матэрыял, толькі з большай колькасцю здымкаў і дакументаў, быў змешчаны на сайце газеты і праанансаваны на старонках «ПК» у сацыяльных сетках.
Мне як аўтару было прыемна пачуць і прачытаць шматлікія каментарыі да публікацыі — яны пасыпаліся адразу ж пасля яе выхаду. Дзякуючы нераўнадушным чытачам, удалося адкрыць новыя факты пра брусчатку ў нашым раёне, убачыць рарытэтныя (і не зусім) здымкі, пачуць эмацыянальныя ўспаміны пра іх… Інфармацыя падалася цікавай, таму дзялюся ёй з чытачамі.
Адным з першых адгукнуўся Павел Давідоўскі з Камай. Ён даслаў здымак, зроблены ў яго роднай вёсцы ў 70-я гг. мінулага стагоддзя. На ім добра бачная даўнейшая брусчатка. «Гэта цяперашняя вуліца Гагарына, — напісаў Павел. — На фатаграфіі — наша хата. А ідуць мае бабуля, дзядуля і родзічы. Шкада, што здымак вельмі маленькі…» Сапраўды, ён аказаўся невялікім па памеры, але гэта не перашкодзіла зазірнуць у гісторыю тагачасных Камай.
Пракаменціравала артыкул і настаўніца пастаўскай СШ №1 Іна Плешавеня. «Калі на вуліцы Ленінскай у нашым райцэнтры клалі новы асфальт і здымалі частку старога, то з-пад яго «выглянула» брусчатка. Як было б здорава, калі б яна засталася ў нас хоць на адной вулачцы!..» І ў пацвярджэнне сваіх слоў даслала здымак, дзе каля чыгункі ў кірунку мікрараёна будаўнікоў сапраўды бачны брук. Праўда, у той жа дзень гісторыя зноў «схавалася» пад палатном асфальту…
Ураджэнец Пастаўшчыны Іван Грыгаровіч пакінуў наступны каментарый: «Добра памятаю брук у Паставах, Дунілавічах і па дарозе з Баранавіч у Савічы. Чамусьці ў нас яго называлі брыкетам. Потым болей нідзе такога не чуў…»
Асабліва шчыры, цёплы водзыў напісаў старшыня Беларускага фонду культуры, наш зямляк Тадэуш Стружэцкі:
«З вялікай цікавасцю прачытаў артыкул. З брусчаткай Паставы—Вільня звязана добрая частка майго жыцця. Памятаю аповеды бацькі пра яе будаўніцтва — ён, будучы юнаком, прымаў удзел у гэтай будоўлі. Пазней, у 1967—1969 гадах, я кожны дзень ездзіў па трасе на маршрутным аўтобусе «Паставы—Вільня» ў Нарацкую сярэднюю школу (мой маршрут быў з Рубяжа да Кабыльніка). Памятаю, што гэта была вельмі якасная і прыгожая дарога — адрэзак ад Барадзіно да Фалевіч праходзіў праз густую алею… Пасля будаўніцтва новай дарогі Полацк— Вільня гэта старая брусчатка стала менш запатрабаванай і паціху пачала прыходзіць у заняпад. А пазней каменную дарогу не рамантавалі. Проста засыпалі пяском…
Наведваючы сваю родную вёску Шкіралі, заўсёды еду па старой дарозе, хоць прасцей ехаць па асфальтаванай — напрамую да Пастаў. І кожны раз успамінаецца прыгожая, жывая старая брусчатка і жывыя вёскі Фалевічы, Барадзіно, Рубеж. Сёння яны паміраюць. Але яшчэ не позна аднавіць (раскрыць) хаця б асобныя адрэзкі брусчаткі і распрацаваць цікавы турыстычны маршрут. Тым больш што і гісторыі навакольных вёсак цікавыя: недалёка ад дарогі захаваліся бетонныя ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны…
Запрашаю неабыякавых людзей далучыцца да рэалізацыі гэтай ідэі. Са свайго боку буду агітаваць за гэта кіраўніцтва Пастаўскага райвыканкама».
Напісала і былы намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Ала Кейзік. Яна расказала, што на будаўніцтве гэтай трасы працаваў яе бацька Эдмунд Міхневіч.
«Ён нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Дзяўгуны на Камайшчыне. У 1918-м за адзін месяц ад «іспанкі» памерлі яго тата і мама. Мой бацька, тады 12-гадовы хлапчук, застаўся на папячэнні старэйшага брата, які аддаў яго батрачыць у сем’і заможных сялян у вёсках Багдзюны, Сакуны, Старчуны. Так прайшлі цяжкія гады да прызыву ў армію. А вось пасля службы, у 30-я гады, не маючы зямлі і сродкаў на існаванне, ён уладкаваўся ў брыгаду буравікоў. Клалі дарогу на Вільнюс (потым у гэты горад людзі з нашых вёсак хадзілі пешшу на рынак ).
На будаўніцтве працавалі з вясны па восень увесь светлавы дзень. Дадому бацька прыходзіў рэдка. Але здолеў зарабіць грошай на невялікі дом, які сам і пабудаваў прыблізна ў 1936 годзе на хутары каля чыгункі-вузкакалейкі Свянцяны—Глыбокае. Потым працаўладкаваўся пуцявым абходчыкам на маршруце Віцебск—Вільня. Гэта я памятаю з яго аповедаў».
На сайце газеты свой каментарый пакінуў аўтар блога «Паставы і ваколіцы» Генадзій Квяткоўскі. Ён парэкамендаваў пазнаёміцца з яго артыкулам пра дарожнае будаўніцтва ў Пастаўскім павеце ў 30-я гг. XX стагоддзя. З дазволу аўтара публікую вытрымкі.
«У 1935—1938 гадах на тэрыторыі Віленскага ваяводства Польшчы вялося маштабнае дарожнае будаўніцтва. Толькі ў Пастаўскім павеце тады было пабудавана 129 кіламетраў дарог з цвёрдым пакрыццём (булыжных) і 11 км так званых шасэйных.
Але яшчэ не позна аднавіць (раскрыць) хаця б асобныя адрэзкі брусчаткі і распрацаваць цікавы турыстычны маршрут.
Тым больш што і гісторыі навакольных вёсак цікавыя: недалёка ад дарогі захаваліся бетонныя ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны.
Тадэуш Стружэцкі
У маі 1935 года ў Паставы, на будаўніцтва дарогі Паставы—Кабыльнік, прыбыла маладзёжная брыгада з Вялюня (Цэнтральная Польшча), у складзе якой было 100 чалавек. Мясцовыя сяляне таксама атрымалі магчымасць зарабіць грошай, падвозячы каменне на сваім гужавым транспарце.
У другой палове 30-х гг. будавалася дарога Паставы—Юнькі, праводзіўся капітальны рамонт дарогі Паставы—Лучай. На будаўніцтва 4-кіламетровага ўчастка Паставы—Новы Двор у 1936 годзе было выдзелена 40 000 злотых. Праўда, з умовай, што на гэтыя работы павінны быць працаўладкаваны выключна віленскія беспрацоўныя.
Хутка з Вільні ў Паставы прыбылі 115 чалавек, у асноўным маладыя нежанатыя мужчыны, элемент неспакойны і схільны да аванцюр. Пасля першай выплаты грошай, 26 верасня 1936 года, усе пітныя ўстановы ў Паставах былі акупіраваны гэтымі маладымі людзьмі. З наступленнем цемнаты пад уздзеяннем выпітага алкаголю віленчукі справакавалі на вуліцах мястэчка рознага роду беспарадкі, якія, аднак, хутка былі спынены паліцыяй. Самыя буйныя правапарушальнікі аказаліся ў камеры ўчастка паліцыі па вуліцы Браслаўскай, 31.
У чэрвені 1937 года каля вёскі Мацуры (Лучайская гміна) быў арганізаваны часовы працоўны лагер на 180 зняволеных. За летні сезон 1937 года «ЗеКа» выканаў 80 000 м3 земляных работ на адрэзку даўжынёй у 10 км».
Цяжка не пагадзіцца і з думкамі аўтара напрыканцы артыкула:
«Булыжныя дарогі даюць моцны шум. На іх, асабліва ў дажджлівае надвор’е, дрэннае счапленне колаў. Таму натуральна, што на дарогах з інтэнсіўным рухам замена булыжнага пакрыцця на асфальт абгрунтаваная. Але дарога мясцовага значэння Паставы—Вярэнькі праз Дварчаны такой не з’яўлялася. Рух па ёй як раней, так і цяпер нязначны. Таму, на мой погляд, не было неабходнасці засыпаць яе пяском. Сёння яна была б гістарычнай славутасцю і магла б прыцягваць турыстаў.
Пабудаваныя ў польскі час дарогі многае пабачылі на сваім вяку. Па іх стукалі коламі сялянскія гужавыя павозкі, цокалі падковы коней ліхіх уланаў 23-га палка. У 1939—1940 гг. — шумелі несканчоныя абозы савецкіх войскаў, а ў чэрвені-ліпені 1941 года, рухаючыся на ўсход, лязгалі гусеніцы нямецкіх танкаў і грымелі боты салдат Вермахта. Летам 1944 года па гэтых дарогах, толькі ужо ў зваротным кірунку, наступала Чырвоная армія. На жаль, сёння пра булыжныя дарогі, кожны метр якіх насычаны потам будаўнікоў і моцна звязаны з гісторыяй нашага раёна, засталіся толькі памяць ды рэдкія фотаздымкі».
Як паказалі шматлікія каментарыі да артыкула, памяць пра брук жывая, дадзеная тэма выклікае цікавасць і ў старэйшага пакалення, і ў маладзейшага. Гэта дае невялікую надзею: можа, брук у кірунку Вярэнек і сапраўды будзе «адкапаны» з пакуль яшчэ недалёкай гісторыі?..
Іна Сняжкова
Читайте также:
Экскурсии в прошлое. История 130-километровой брусчатки Поставы-Вильнюс
Хранитель старины. Житель деревни Прудники показал предметы столетней давности
Следы Первой мировой на Поставщине. Приглашаем в виртуальное историческое путешествие в деревню Можейки и околицы
Дзякуй за ваш каментарый
Шаноўная спадарыня Іна, шаноўныя сябры!
Надрукаваныя раней артыкул і водгукі на яго не толькі адкрываюць яшчэ адну малаасветленую старонку багатай гісторыі Пастаўшчыны, але і пацвярджаюць вялікую зацікаўленасць у яе глыбокім аднаўленні. Працяг даследаванняў і збор дадатковых звестак і ўспамінаў могуць лагічна завяршыцца цікавай кнігай, адпаведнымі памятнымі знакамі і запатрабаваным турыстычным маршрутам. Гэта будзе добрым прыкладам і для іншых рэгіёнаў нашай краіны, дзе таксама былі, але не захаваны брукаванкі. Напрыклад, зусім нядаўна была падобным чынам «схавана» брукаванка ў Стаўбцоўскім раёне…
Хачу таксама папрасіць рэдакцыю газеты закрануць яшчэ адну цікавую тэму. Пры распрацоўцы дзяржаўнай праграмы развіцця нарачанскага рэгіёну на 2010 — 2015 гады мною (быў удзельнікам рабочай групы ад Міністэрства культуры) былі ўнесены прапановы па ўключэнню ў праект праграмы аднаўленне вузкакалейкі Лынтупы — Купа і фарміравання адмысловага турыстычнага маршруту. На жаль, пры неаднаразовых узгадненнях і скарачэнні праекта праграмы ў канчатковы вырыянт гэта прапанова не была ўключана. Зварот да гэтай праблемы на старонках газеты дапаможа сабраць і абагульніць неабходную інфармацыю, а пазней, хаця б часткова, зусім рэальна аднавіць і гэты цікавы маршрут.
На мой погляд, важным і перспектыўным накірункам развіцця Пастаўскага раёну можа стаць багаты турыстычны патэнцыял, абумоўлены цікавай гісторыяй і геаграфічным становішчам, адметнымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі і інш. У свой час гэта праблема неаднаразова абмяркоўвалася з былым кіраўніком райвыканкама Гутаравым В.С., мной былі падрыхтаваны канкрэтныя прапановы па пашырэнні культурна-турыстычнай інфраструктуры і павышэнні турыстычнай прывабнасці Пастаўскага раёна, але, на жаль, ўсё закончылася добрымі намерамі…
З павагай, Тадэуш Стружэцкі