Арт не на жарт
«Каптарунская версія радзімы пакуль што перамагае ў маім асабістым рэйтынгу з моцным адрывам». У гэтым не так даўно на «Фэйсбуку» прызнаўся беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Ён стаў адным з першых удзельнікаў арт-рэзідэнцый, якія сёлета ўпершыню арганізаваны ў маляўнічай вёсцы на самай граніцы з Літвой.
У чым сутнасць новага праекта? Хто яшчэ з вядомых людзей прыехаў на Лынтупшчыну, каб ствараць там свае новыя творы? Па адказ на гэтыя і іншыя пытанні накіроўваюся непасрэдна ў Каптаруны.
Па дарозе ўспамінаю, як шмат культурных мерапрыемстваў ладзілася там летась: была арганізавана работа кінашколы, у мясцовым тэатры з аншлагам прайшла прэм’ера саўнд-тэатр-оперы «Liberato», адбыўся літаратурны фестываль «Міжмор’е літаратур», удзел у якім прынялі госці са Швецыі, Швейцарыі, Германіі, Польшчы…
Сёлета па вядомых прычынах усе масавыя мерапрыемствы адмененыя. Аднак творчае жыццё ў Каптарунах не спынілася.
— Любыя цяжкасці — гэта новыя магчымасці, — перакананы заснавальнік арт-вёскі мастак і пісьменнік Артур Клінаў, з якім удалося пагутарыць у той дзень. — Так, з-за сітуацыі з каранавірусам мы былі вымушаныя адмовіцца ад шматлікіх планаў. Але, з іншага боку, змаглі нарэшце ўвасобіць у жыццё задумы, на якія раней ніяк не хапала часу.
Мне даўно хацелася правесці ў Каптарунах арт-рэзідэнцыі. Іх ідэя заключаецца ў тым, каб таленавітыя людзі мелі магчымасць займацца творчасцю ў максімальна спрыяльных для гэтага ўмовах. У Еўропе такія рэзідэнцыі досыць распаўсюджаная з’ява. Мастакі, пісьменнікі ці іншыя творцы прыязджаюць у цікавыя месцы, дзе ў поўным адрыве ад бытавых спраў канцэнтруюцца выключна на рэалізацыі ўласных ідэй і праектаў. Новая абстаноўка, новыя людзі вакол толькі спрыяюць плённай працы. Кажу пра гэта з упэўненасцю, бо і сам неаднойчы ўдзельнічаў у арт-рэзідэнцыях у Швецыі, Германіі і іншых еўрапейскіх краінах, а таму ведаю, наколькі яны карысныя як для асобных творцаў, так і для развіцця сучаснага мастацтва ў цэлым.
Пра маючыя адбыцца рэзідэнцыі (а ў Беларусі ў такім маштабе яны яшчэ ніколі не праводзіліся) Артур Клінаў аб’явіў у «Фэйсбуку». Пры гэтым акцэнтаваў увагу на тым, што іх удзельнікам даецца жыллё і рабочы кабінет (майстэрня). Пытанні з праездам і харчаваннем таксама бяруць на сябе арганізатары. Зацікаўленых папрасілі даслаць апісанні праектаў, над якімі яны маюць намер працаваць у Каптарунах. Перавага аддавалася тым, што звязаныя з тэмай пандэміі (мастацтва ў ізаляцыі) і накіраваныя на ўзаемадзеянне з арт-вёскай.
Першымі рэзідэнтамі арт-вёскі сталі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, яго жонка — паэт і перакладчыца Юлія Цімафеева, а таксама мастак, перформер, куратар у галіне сучаснага мастацтва Вольга Маслоўская.
Наша размова адбылася за круглым сталом на другім паверсе каптарунскага вясковага тэатра, дзе абсталяваны пакой для пражывання гасцей.
— Каптаруны — месца асаблівага прыцяжэння для многіх беларускіх творцаў, — адзначыла Вольга Маслоўская. — Я лічу, што гэта адна з найважнейшых пляцовак, дзе сёння адбываецца сучасная культура, сучаснае мастацтва. Я вельмі шчаслівая, што зноў сюды прыехала і атрымала магчымасць займацца сваім мастацтвам, абстрагаваўшыся ад усіх і ўсяго. Чым займаюся? Збіраю матэрыял для сваіх наступных відэаработ з цыкла «Alien» («Чужы») — разважаю ў тым ліку і пра тое, як цывілізацыя перасякаецца, узаемадзейнічае з прыродай, з канкрэтным месцам. У Каптарунах мяне асабліва зацікавілі дзве рэчы: дзікая некранутая прырода і тэатр. Для мяне ён — дзіўнае, нават містычнае месца. Феномен тэатра ў такой глушы сапраўды ўражвае.
Колькі па часе рэзідэнты працуюць, а колькі адпачываюць? Гэта пытанне адрасавала пісьменніку Альгерду Бахарэвічу.
— У гэтым цудоўным пакоі каля акна я праводжу за камп’ютарам як мінімум 5-6 гадзін, — адказаў ён. — Наогул, творчае жыццё яно такое: правесці мяжу паміж працай і адпачынкам вельмі цяжка. Я ўжо гадоў 20, як перастаў разумець, што такое адпачынак. Ты ходзіш у лес, гуляеш па гэтых каптарунскіх джунглях, ляжыш у высокай траве, а ў галаву прыходзяць новыя і новыя ідэі. Ты думаеш пра творчасць, усё пераасэнсоўваеш, будуеш планы на заўтра.
Тут працуецца вельмі плённа. Тут наогул нейкі рай. Я вельмі рады, што нас сюды запрасілі, ганаруся, што ў Беларусі з’явілася такое месца для мастакоў і літаратараў. За апошнія 15 гадоў мне неаднойчы даводзілася ўдзельнічаць у розных творчых рэзідэнцыях за мяжой. І кожны раз думаў: ці дажыву да таго часу, калі нешта такое будзе і ў нашай краіне? Дажыў. Каптаруны — мая Еўропа. Шчыра дзякую гаспадарам арт-вёскі за гэты неспадзяваны цуд і за магчымасць працаваць над новымі кнігамі, а таксама за тое, што яны гатовыя ахвяраваць на развіццё сучаснай культуры свой час, сілы, сродкі.
Рэдактар часопіса перакладчыцкай літаратуры «ПрайдзіСвет» Юлія Цімафеева ў арт-вёсцы працавала над кнігай перакладаў амерыканскай паэтэсы Сільвіі Плат, пісала ўласныя вершы, рыхтавала відэа для праекта «Лета з ПрайдзіСветам».
Два тыдні арт-рэзідэнцый для першых яго ўдзельнікаў праляцелі імгненна. На змену ім ужо прыехалі новыя — перакладчыца, куратар культурных праектаў Ірына Герасімовіч і фатограф Кацярына Кузьмічова. Наогул, творчыя госці будуць прыязджаць сюды яшчэ на працягу двух месяцаў.
Арганізацыя арт-рэзідэнцый — не адзіны клопат Артура Клінава. Нямала ўвагі патрабуюць і шматлікія госці, якія з вясны прыязджаюць у Каптаруны ў яго аграсядзібу. Гэта не толькі выдатны варыянт ізаляцыі ва ўмовах пандэміі, але і магчымасць далучыцца да творчай атмасферы, якая тут пануе.
…Ад’язджаючы з арт-вёскі, усміхалася, успамінаючы эпізод размовы з Альгердам Бахарэвічам.
«Ці паспелі пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі? — спытала я ў пісьменніка. «А як жа! — адказаў ён. — Сёння аўталаўка прыязджала, у чарзе ўсе разам стаялі…»
Уявіла, як гэта выглядала, і зразумела, што ў гэтым усе Каптаруны. Тут побач гарадскія і вясковыя, знакамітыя і невядомыя, у цесным суседстве — дзікая прырода і праявы цывілізацыі, сучаснае мастацтва і даўні ўклад жыцця. Разам усё гэта і робіць вёску месцам сілы і прыцяжэння, месцам, якое нікому пакідаць не хочацца…
Іна Сняжкова. Фота аўтара, з архіва Юліі Цімафеевай і арт-вёскі Каптаруны
Читайте также:
История одного экспоната. Знаете ли вы, что в Поставах еще в XVІІІ веке был кафенгауз?
В 30-х годах ХХ века на Поставщине также были популярны сплавы на каяках
Следы Первой мировой на Поставщине. Таким Воронец вы ещё никогда не видели!