Дукі: памяць на вякі?
Мінулы артыкул рэдакцыйнага праекта «Рэха Першай сусветнай» быў прысвечаны касцёлам у Задзеўі, якія, на жаль, захаваліся толькі на фатаграфіях. Сёння прапаную перамясціцца ў суседнія з гэтай вёскай Дукі — там і цяпер ёсць бліндажы і доты, пабудаваныя немцамі стагоддзе назад.
У кастрычніку 2018 года ў Дукоў была свая «хвіліна славы»: шэраг беларускіх СМІ расказалі пра першую на Пастаўшчыне маштабную гістарычную рэканструкцыю. Тады больш за паўсотні яе ўдзельнікаў з Беларусі і Расіі паказалі, як сто гадоў назад на гэтых узгорках магла выглядаць бітва рускіх і нямецкіх салдат.
Сведкамі падзеі сталі некалькі тысяч гледачоў. Нямала з іх тады наогул упершыню даведалася, як цесна гісторыя Пастаўшчыны звязана з Першай сусветнай вайной.
— Два гады назад тут не было ні інфармацыйнага стэнда, ні альтанкі для адпачынку, ні моста праз рачулку, за якой пачынаецца першая лінія абароны нямецкіх салдат, — расказваў лідар валанцёрскага руху «Заходні рубеж» Андрэй Мацур, з якім мы прыехалі ў Дукі на невялікую экскурсію. — Усе бетонныя збудаванні, якія захаваліся з часоў Першай сусветнай вайны знаходзіліся ў зямлі — у полі тырчалі толькі іх верхнія часткі. Перад рэканструкцыяй тут папрацаваў экскаватар, шмат давялося шчыраваць уручную. Як вынік — тры аб’екты ўдалося зрабіць даступнымі для наведвання. Таксама часткова аднавілі лінію акопаў: для гэтай мэты быў запрошаны супрацоўнік гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» Сяргей Захараў.
Андрэй падкрэсліў, што такія станоўчыя змены адбыліся дзякуючы кіраўніцтву раёна. Ініцыятыву валанцёраў па правядзенні рэканструкцыі падтрымаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Юрый Кісялёў. Яны пасадзейнічалі таму, каб Дукі былі добраўпарадкаваны.
Заходзім у адзін з бліндажоў. У ім бачу жалезны ложак часоў Першай сусветнай. Мой суразмоўца прыгадвае, што ў 2018-м прама ў гэтым бліндажы на начлег размясціліся некаторыя ўдзельнікі рэканструкцыі. Яны адмовіліся ад камфортных умоў пражывання — куды цікавей ім было спаць на разасланай на бетоне саломе. У акопах перад бліндажом рэканструктары павесілі арыгінальную зброю, абмундзіраванне і нават… невялікі вялены свіны кумпяк. І хто сказаў, што машыны часу не існуе?
Непадалёк заўважаю яшчэ некалькі бетонных збудаванняў, якія цалкам засыпаны зямлёй. Ёсць планы адкапаць іх і злучыць хадамі з ужо адноўленымі.
Наогул, задум па «раскрутцы» Дукоў як турыстычнага аб’екта шмат. Увасобіць іх у жыццё пакуль перашкаджае той факт, што рэшткі фартыфікацыі знаходзяцца на землях аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Зараз на стадыі завяршэння працэдура перадачы гэтай тэрыторыі раённаму краязнаўчаму музею.
— Ёсць вялікае жаданне, каб Дукі сталі не толькі годным ваенна-гістарычным аб’ектам, але і любімым месцам адпачынку для гараджан, — адзначыла яго дырэктар Таццяна Гарошка. — Наш музей выступае адным з партнёраў праекта «Экаагратур». Плануем зрабіць экалагічную сцежку ад будынка водаканала да Дукоў — акультурыць гэта месца, устанавіць там інфармацыйныя стэнды, зрабіць стаянкі для адпачынку, праводзіць квэсты. Зусім побач з Дукамі знаходзіцца маляўнічы бераг возера Задзеўскае, гісторыя і экалогія тут сапраўды пераплецены вельмі цесна, і гэтым трэба карыстацца для папулярызацыі гэтых мясцін.
Сёння прагульвацца па музеі пад адкрытым небам, якім, па сутнасці, з’яўляюцца Дукі, цікава і бяспечна. А яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя падчас сельскагаспадарчых работ там знаходзілі вельмі шмат боепрыпасаў часоў Вялікай вайны.
— Іх сотнямі складзіравалі ў доты і там узрывалі, — расказваў Андрэй Мацур. — Пры гэтым бетонныя збудаванні засталіся. Яны сапраўды пабудаваны на вякі і будуць нагадваць пра падзеі тых часоў яшчэ многім пакаленням.
Цікава, што па прамым прызначэнні нямецкія доты і бліндажы амаль не выкарыстоўваліся. Асабліва жорсткія баі з вялікімі стратамі тут ішлі напрыканцы верасня — пачатку кастрычніка 1915 года. А бетонныя збудаванні з’явіліся пасля вясны 1916-га, калі актыўныя баявыя дзеянні каля Дукоў не вяліся. Таксама вядома, што на захад ад вёскі былі даволі вялікія вайсковыя могілкі тых часоў. Але іх знішчылі падчас узвядзення аэрадрома, калі ў гэтым месцы распрацоўвалі кар’ер.
Даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў пра Дукі расказаў такі факт:
— У сакавіку 1916 года каля Дукоў біўся 138-ы пяхотны полк. Менавіта ў ім камандзірам роты служыў Вальтэр Флекс, які пазней па даручэнні нямецкага генштаба напісаў грунтоўную кнігу пра Нарацкую наступальную аперацыю (яе пераклад ёсць у маім выданні «Битва у Нарочи, 1916»). Сёння Флекс невядомы шырокаму колу чытачоў, хаця ў пасляваенныя гады ў Германіі і ў некаторых іншых краінах Заходняй Еўропы яго лічылі адным з найбольш таленавітых прадстаўнікоў нямецкай ваеннай прозы, ставячы ў адзін рад з Рэмаркам і Юнгерам.
Уладзімір Багданаў перакананы, што ў Дукоў ёсць усе шанцы стаць папулярным турыстычным аб’ектам. У якасці прыкладу ён прыводзіць Смаргоншчыну, дзе краязнаўцам, энтузіястам і мясцовай уладзе разам удалося зрабіць вельмі многае па папулярызацыі тэмы Першай сусветнай вайны.
Такой жа думкі прытрымліваецца і старшыня праўлення дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», рэканструктар са стажам Андрэй Аралін.
— У плане правядзення рэканструкцый Дукі — унікальнае месца, якое мае вялікі патэнцыял, — адзначыў ён. — Тут не трэба дэкарацый — іх захаваў час, тут зусім блізка горад, каб камфортна размясціць удзельнікаў і гасцей. Ды і самім пастаўчанам зручна туды дабірацца, каб стаць сведкамі ваенна-гістарычнага шоу.
Яшчэ адзін станоўчы момант — блізкасць да граніцы з Еўрасаюзам. Як удзельнік шматлікіх міжнародных рэканструкцый магу сказаць, што да тэмы Першай сусветнай ёсць жывы інтарэс у многіх еўрапейскіх краін. Так, у Германіі, Італіі, Францыі нават у невялікіх населеных пунктах стаяць помнікі з імёнамі тых, хто падчас Вялікай вайны не вярнуўся з фронту. Яны шануюць памяць пра продкаў, захоўваюць іх здымкі, узнагароды. Упэўнены: замежнікі і на рэканструкцыю з вялікай цікавасцю прыехалі б. На гэтым можна і трэба зарабляць грошы, так даўно робяць, напрыклад, у Чэхіі, Польшчы. Тым больш што ў вас ёсць што ім паказаць. Узяць, да прыкладу, Камаі: там «па суседстве» знаходзяцца і пахаванне Першай сусветнай, і неверагодны касцёл абарончага тыпу. Так, над маршрутамі і іх арганізацыяй трэба папрацаваць, але гэта таго варта…
Да такіх перспектыў можна аднесціся з доляй скептыцызму, маўляў, лёгка разважаць ды няпроста зрабіць. Але ж і напярэдадні рэканструкцыі далёка не ўсе паверылі, што задуманае можна ўвасобіць у жыццё. А ў выніку арганізацыя аказалася такой, што ў захапленні засталіся і гледачы, і самыя «бывалыя» рэканструктары. Ці не гэта яскравае пацвярджэнне таго, што немагчымае магчыма, калі вельмі моцна захацець?
Гісторыя баёў каля вёскі Дукі не закончылася з завяршэннем Першай сусветнай вайны ў канцы 1917-га – пачатку 1918 года. Праз паўтара года, у маі–чэрвені 1920-га ўмацаваныя пазіцыі каля гэтай вёскі былі ўжо занятыя войскамі буржуазнай Польшчы. Іх на працягу некалькіх дзён штурмавалі абяскроўленыя нешматлікія падраздзяленні 15-й кавалерыйскай дывізіі і 55-й стралковай дывізіі Чырвонай арміі. Гэты перыяд яшчэ застаецца белай плямай у гісторыі Пастаўшчыны, асабліва ў пытанні ўшанавання памяці загінулых у тыя дні чырвонаармейцаў.
Аляксандр Кузняцоў
***
У кнізе Ігара Пракаповіча і Ірыны Заяц «Мястэчка над возерам. Задзеўе і ваколіцы» згадваецца, што з-за супрацьстаяння армій вёскі Дукі і Задзеўе былі знішчаныя. «Частку хат разабралі на ўмацаванні, частка згарэла ад страляніны. Значная частка жыхароў падалася ў бежанцы, тыя ж, хто застаўся, былі вывезены немцамі ў лагер у Вільню, дзе многія паўміралі ад голаду і хвароб», — пішуць аўтары.
У гэтай жа кнізе ёсць успаміны ўраджэнкі вёскі Дукі Валерыі Лазікевіч-Лубнеўскай 1903 года нараджэння пра падзеі Першай сусветнай. Друкуем іх у скарачэнні:
«Быў 1915 год. Аднойчы прыйшлі два немцы, якія гаварылі па-польску. Сказалі, каб мы пакінулі свой дом. Мокрай і халоднай ноччу мы хаваліся пад дрэвам. Мінула некалькі дзён. Малыя дзеці плачуць, хочуць есці, а няма чаго даць. Не было вады. Бралі мы яе з лужыны напалову з глінай, працэджвалі праз тканіну і пілі. А калі ваду пачало браць і войска, то яе зусім не стала.
Пачаўся бой. Рускія штурмам пайшлі на ўмацаванні, зайграла музыка, закрычалі «ўра!» — і выбілі немцаў з першай лініі.
На самай высокай гары мы прасядзелі два тыдні. Бачылі, як ад снарадаў наша вёска тры разы загаралася і сама гасла. Мы залазілі на дрэва і выглядалі, чыя хата ўцалела. За трэцім разам не засталося нічога.
На кані рушылі ў бок Гадуцішак, затым — Камай. Ды зламалася кола. Зноў стаім, а снег з дажджом ідзе, аж бела на зямлі, а я босая. Села на пень, абкруціла ногі сукенкай і так грэлася, паліваючы яе слязамі.
Сонца ўжо зайшло, калі мы даехалі да вёскі. Але няма дзе пагрэцца. Сядзім пад плотам, ніхто не жадае ўпусціць у хату, бо з намі многа дзяцей. Некалькі чалавек падышлі, паглядзелі на нас, пабедавалі і адышлі. Аж прыйшла адна кабета і кажа: «Ах, бедныя людзі, хадзіце да мяне, у маю хатку, хоць яна і без даху, але сагрэе вас». Прывяла. Палезлі мы на печ. Вельмі цешыліся, што займелі цяпло.
Гаспадыня мела пяць чалавек сям’і. Муж быў ненармальны, дачка з сынам хварэлі на сухоты, а другога сына немцы забралі з сабой у лагер. Былі мы ў гэтай вёсцы да вясны. Называлася яна Пятруці, ляжала непадалёку ад Камай».
Іна Сняжкова
Фота з архіва, прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава і Сяргея Вшыўкава
Читайте по теме:
Пятого не дано, или Почему в деревне Задевье четыре костела не «прижились»
«Задело» Задевье! Читатели поделились своими воспоминаниями о костеле, д. Задевье и ее жителях
«Наши» в Нашуа, или Как уроженцы Поставщины 100 лет назад Америку покоряли