З пастаўскай школы – на подыум у Парыж
Якая дзяўчынка ў дзяцінстве не хоча стаць мадэллю? Апранаць супермодныя рэчы, пазіраваць перад фотакамерай, дэфіліраваць па подыуме, ловячы на сабе сотні захопленых позіркаў — мара, а не работа!
Пяць гадоў назад пастаўчанка Вікторыя Дунец і падумаць не магла, што ўсё вышэйапісанае стане часткай яе жыцця. Дзяўчына вучылася ў СШ №3, з задавальненнем наведвала мастацкую школу і марыла стаць архітэктарам. Але ўсё аказалася па-іншаму, і ўнушальных вяршынь маладая пастаўчанка дасягнула ў зусім нечаканай для яе прафесіі. Сёння як мадэль яна ўдзельнічае ў шматлікіх паказах і фотасесіях у Мілане, Парыжы, Сеуле і шэрагу іншых гарадоў.
— На свой першы ў жыцці кастынг трапіла чатыры гады назад. Я тады вучылася ў 8 класе, — расказвала Віка Дунец, якая нядаўна прыехала ў Паставы наведаць бацькоў. — Адбылося гэта дзякуючы маёй роднай цётцы з Мінска. Яна ў той час вучылася на візажыста і, прыязджаючы ў Паставы, прасіла мяне пабыць для яе мадэллю. Робячы макіяж, пастаянна гаварыла мне пра асаблівасць знешнасці, яе каларыт, правільныя, мадэльныя, рысы твару. Скончылася ўсё тым, што яна завяла мяне на кастынг у адно з мінскіх мадэльных агенцтваў.
Першая ж спроба аказалася паспяховай — Вікторыю заўважылі і ў хуткім часе прапанавалі паехаць працаваць па кантракце ў сталіцу Паўднёвай Карэі — Сеул. Туды 14-гадовая пастаўчанка паляцела адна.
— Бацькі толькі да аэрапорта мяне падвезлі, — успамінала суразмоўца. — Сёння я вельмі ўдзячная ім за давер, за такую важную падтрымку ў той пераломны ў жыцці момант. Ні тата, ні мама не адгаворвалі мяне ад такога далёкага падарожжа, а, наадварот, падбадзёрвалі. Не скажу, што перад першым палётам я зусім не хвалявалася — невядомасць крыху пужала. Але як толькі ў Карэі сустрэлася з прадстаўнікамі мясцовага мадэльнага агенцтва, супакоілася і пачала працаваць.
Наперадзе Віку чакала незлічоная колькасць кастынгаў. Канкурэнцыя на іх была больш чым сур’ёзная: спаборнічаць за новыя «модныя» кантракты даводзілася з прадстаўніцамі больш чым 40 мадэльных агенцтваў з розных краін свету. Але патэнцыйныя наймальнікі адразу звярнулі ўвагу на пастаўчанку. За два месяцы ў Карэі ёй удалося атрымаць каля двух дзясяткаў прапаноў для супрацоўніцтва, ва ўмовах моцнай канкурэнцыі гэта можна было расцэньваць як поспех.
Вярнуўшыся з Карэі ў Паставы, Віка зноў села за школьную парту. Пасля заканчэння 9-ці класаў яна па запрашэнні мадэльнага агенцтва зноў накіравалася ў Паднёвую Карэю, а ўжо адтуль — у японскі Токіа і кітайскі Гуаньчжоў, дзе пастаўчанцы прапанавалі работу па кантракце. У выніку паездка расцягнулася на пяць месяцаў, якія ў прафесійным плане падарылі вопыт, а ў жыцці — шмат эмоцый і сяброў.
— За гэты час я канчаткова зразумела, што мне падабаецца мой новы лад жыцця і што я хачу працаваць у мадэльным бізнесе, — гаварыла Вікторыя. — Хаця гэту работу лёгкай і простай не назавеш. За дзень можа быць некалькі кастынгаў, а можа — 15. І ты, прыязджаючы ў чужую краіну, ніколі не ведаеш, будзе ў цябе работа або не. Разам з тым праца мадэллю адкрывае шмат новых краін, культур, з якімі я заўжды знаёмлюся з вялікім задавальненнем. Як толькі з’яўляецца вольны час, наведваю музеі, галоўныя славутасці гарадоў, у якіх бываю. Не забываю і пра іншыя свае захапленні. Люблю чытаць кнігі (асабліва прыгодніцкія і фантастыку), калі-нікалі атрымліваецца ўзяць у рукі палатно і фарбы, кручок для вязання. У сувязі з пандэміяй каранавіруса ўдаецца больш часу прысвяціць сабе, пабыць дома з бацькамі, маленькім братам, проста пагуляць па Паставах. Гэта горад, да якога я ніколі не буду раўнадушнай.
9 мая Вікторыі Дунец споўніцца 18 гадоў. З дасягненнем паўналецця перад ёй адкрываецца шмат новых перспектыў — многія мадэльныя агенцтвы папросту адмаўляюцца супрацоўнічаць з маладзейшымі дзяўчатамі. Таму, перакананая Віка, усё самае цікавае ў яе кар’еры толькі пачынаецца…
Іна Сняжкова
Фота з архіва Вікторыі Дунец