З роду Агінскіх
Сёлета адзначаецца 320 гадоў з дня нараджэння ўладальніцы мястэчка Лучай Альжбеты Магдалены Пузыны (Агінскай).
Упершыню Лучай узгадваецца ў 1542 годзе як маёнтак Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У розныя часы ім валодалі Забярэзінскія, Юндзілы, Глябовічы, Шэметы, Рудаміны. З 1731-га ўладальнікамі сталі Агінскія.
Альжбета Магдалена Пузына (у дзявоцтве — Агінская) нарадзілася ў 1700 годзе. Як прадстаўніца аднаго са старажытных беларускіх магнацкіх родаў атрымала добрую адукацыю. Пабралася шлюбам з Антоніем Міхаілам Пузынам, харунжым надворным Літоўскім, кашталянам Мсціслаўскім. У іх нарадзіліся 3 дачкі.
У сваім маёнтку праводзіла астранамічныя назіранні для вызначэння геаграфічнага становішча Лучая. А. Пузына заснавала астранамічную абсерваторыю пры Віленскай езуіцкай акадэміі, а потым падтрымлівала яе матэрыяльна. Для гэтага прадала свае маёнткі ў Сандамірскім ваяводстве. У 1755 годзе ахвяравала значныя сумы, а ў 1766-м уклала сродкі, працэнты з якіх у памеры 6 000 злотых штогод пералічваліся на патрэбы акадэміі.
У 1766 годзе Альжбета падарыла Лучай свайму роднаму брату Тадэвушу Агінскаму, ваяводу троцкаму. Вядома, што ў тым жа годзе яна заснавала ў Лучаі місію езуітаў, якой адпісала 160 000 польскіх злотых, і перадала манахам ордэна два пляцы для будаўніцтва дома і новага касцёла ў гонар Святога Тадэвуша Апостала. Жыццёвы шлях Альжбета Магдалена Пузына з Агінскіх закончыла ў 1767 г. у сваім лучайскім маёнтку. Пахаваная ў Вільні.
Новы касцёл быў узведзены ў 1776 годзе.
Валянціна Друсь, старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея