Паляўнічыя домікі не толькі для паляўнічых
Дзе адпачыць? З наступленнем цёплага сезона такое пытанне ў гараджан (і не толькі) узнікае ўсё часцей. Па вядомых прычынах варыянты з выездам за мяжу і нават па Беларусі пакуль адпадаюць. Але пройдзе час, сітуацыя ўсталюецца, і турыстычныя паслугі зноў будуць запатрабаванымі сярод насельніцтва.
Самым верным сябрам у плане адпачынку была і застаецца прырода. Лес, возера, крыштальна чыстае паветра — найлепшыя спадарожнікі «зялёнага» рэлаксу. Каб у поўнай меры атрымаць ад яго асалоду, можна зняць аграсядзібу (іх у нашым раёне не адзін дзясятак), а можна спыніцца ў так званых паляўнічых доміках, што належаць Пастаўскаму лясгасу. Ведаюць пра іх далёка не ўсе, таму выпраўляем сітуацыю…
З вядучым інжынерам па паляўнічай гаспадарцы Юрыем Ракелем адпраўляемся ў невялікае азнаямляльнае падарожжа па двух лясгасаўскіх турыстычных аб’ектах. Першы з іх знаходзіцца ва ўлонні дзікай прыроды за вёскай Пруднікі, за 17 км ад Пастаў (у бок Варапаева). Тут ціха, прыгожа, атмасферна — так, як любяць стомленыя гарадской мітуснёй кліенты.
На вялікай тэрыторыі, на якой таксама знаходзіцца адміністрацыйны будынак Старадворскага лясніцтва, бачу вялікі стаў, лазню, альтанкі, арэлі… У распараджэнні гасцей — вялікая (на 60 чалавек) і малая банкетныя залы, пакоі для пражывання.
— Аб’ект пабудаваны яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Аднак паўнацэнна ён запрацаваў толькі ў 2019-м, калі тут была праведзена маштабная рэканструкцыя, — расказваў Юрый Ракель. — Замянілі сістэму ацяплення, у галоўным будынку зрабілі рамонт, абуладкавалі кухню для самастойнага прыгатавання ежы. Шмат сіл укладзена ў добраўпарадкаванне тэрыторыі. Каб комплекс быў яшчэ больш прывабным, сёлета плануем купіць більярд, абнавіць лазню, зрабіць цір, дзе можна пастраляць па аб’ёмных 3D-мішэнях. У банкетнай зале з’явіцца канапа і вялікі тэлевізар. Хаця і без усяго гэтага госці прыязджаюць сюды з вялікім задавальненнем: святкуюць вяселлі і юбілеі, ладзяць карпаратывы і проста адпачываюць у кампаніі сяброў. Прычым прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Літвы, Германіі.
Пераязджаем на другі комплекс для адпачынку, які з 2013 года функцыянуе недалёка ад вёскі Гута. Яго з першых дзён адкрыцця аблюбавалі не толькі паляўнічыя, якія прыязджаюць па трафеі ў наш раён, але і далёкія ад гэтай «забавы» людзі.
Аб’ект сучасны і камфортны. Тут таксама можна схадзіць у лазню, спыніцца на начлег або кампаніяй пасмажыць шашлыкі. На тэрыторыі — шматлікія туі, малады яблыневы сад, зусім побач — доўгі пірс, які «бяжыць» у маляўнічае возера Задняе… Тут хочацца гуляць бясконца!
— За паўкіламетра адсюль ёсць яшчэ адно возера — Галбея. Нашы госці таксама ў захапленні ад яго, — гаварыў Юрый Ракель. — Аднак адной толькі рыбалкай ці краявідамі турыста сёння не прывабіш — канкурэнцыя ўнушальная. Таму лясгас кожны год укладвае сродкі ў развіццё інфраструктуры комплексаў для адпачынку. Пры гэтым цэны на арэнду даступныя, яны істотна меншыя, чым у тых жа аграсядзібах. Таму ёсць усе падставы лічыць, што прыхільнікаў нашых аб’ектаў з часам стане яшчэ больш.
Іна Сняжкова. Фота аўтара
Видео Натальи Налей