Гарэла «Купалінка»
У чацвер у 14 гадзін 19 хвілін у цэнтр аператыўнага кіравання Пастаўскага РАНС паступіла паведамленне аб пажары ў прыватным магазіне «Купалінка», які знаходзіцца на плошчы Камсамольскай у райцэнтры. Туды адразу ж выехалі тры машыны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Паставы, адна машына ПАВП-13 г.п. Варапаева і адна — ПАВЧ-1 г. Мядзела.
Калі ратаўнікі прыбылі на месца, у магазіне гарэлі другі паверх і паддашкавае памяшканне. Людзей у будынку не было, усе самастойна пакінулі яго яшчэ да прыезду падраздзяленняў МНС. На барацьбу з агнём былі пададзены чатыры пажарныя ствалы, працавалі два звяны газадымаахоўнай службы. У 15.12 пажар быў ліквідаваны. Ён нанёс істотны ўрон гандлёвай краме. На першым паверсе пакрыты сажай сцены, на другім — знішчана маёмасць, пашкоджаны столевае перакрыцце і дах на плошчы 20 м2.
Прычына пажару зараз устанаўліваецца. Адна з версій, якая разглядаецца, — парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.
Алена Шапавалава
Фота Веранікі Філановіч