За некалькі дзён да Новага года ў рэдакцыю звярнуліся нашы суседзі праз дарогу — работнікі райспажыўтаварыства:
— Можа, вас хто паслухае і выбавіць з палону ката! Сам не можа злезці з ліпы, што перад нашым будынкам. Так жаласліва мяўкае…
Мы паспяшаліся да дрэва, намнога вышэйшага за трохпавярховы будынак. Нішто іншае, як страх, не магло загнаць на яго дарослага ката. Напэўна, сігануў, ратуючыся ад сабакі, а зваротны шлях аказаўся для яго непераадольным. Паміж шэрых, набрынялых вільгаццю галін варушылася жывая істота і жаласліва мяўкала. Напярэдадні цэлыя суткі ліў дождж, наступныя — валіў мокры снег. І ўсё — на галаву бедака. Набрынялі вільгаццю і вочы рэдакцыйных кашатніц. У некалькі галасоў клікалі яны хвастатага, заваблівалі ежай, нават змазвалі ствол ліпы валяр’янкай, каб спакусіўся на яе пах. Дарэмна! Ніякага руху ўніз, толькі бездапаможнае таптанне на галінках і яшчэ больш адчайнае мяўканне. Пазванілі ратаўнікам, затым — камунальнікам, але безвынікова. «Кот на дрэве? Злезе сам! На тое ў яго і кіпцюры».
Не злез і яшчэ адну ноч гібеў на дрэве (а ўсяго правёў на ім трое сутак). Назаўтра наша самая эмацыянальная супрацоўніца прыйшла на работу заплаканая. «Усю ноч не спала, — прызналася і абурылася на тых , хто адмовіўся прыйсці на дапамогу. — Няўжо ў іх няма сэрца? Бязвінная істота пакутуе, можа загінуць».
І тут у аддзеле рэкламы ўспомнілі маладога чалавека, які займаецца прамысловым альпінізмам і прыходзіў даваць аб’яву ў газету. Пазванілі яму. У адрозненне ад папярэдніх суразмоўцаў Дзмітрый Мяшко не стаў філасофстваваць, а адразу супакоіў: «Чакайце. Хутка прыеду і здыму вашага ката».
І вось Дзмітрый узбройваецца альпінісцкімі прыладамі і лезе на мокрае слізкае дрэва. Сантыметр за сантыметрам, на вышыню другога паверха. Вось-вось дацягнецца рукой да «палоннага», але той, напалоханы, імкнецца яшчэ вышэй. Балельшчыкі заміраюць: «Як альпіністу справіцца з катом, калі той апынецца ў гушчыні кроны?!» На шчасце, Дзіма паспявае схапіць ката і прыціснуць да сябе. А той, не разумеючы, што гэта выратаванне, а не пагроза, рвецца, што ёсць сілы, распускае кіпцюры. З такой неўтаймоўнай ношай шлях уніз дастаткова складаны. Рэдакцыйныя дзяўчаты расцягваюць пад дрэвам паланцін: «Кідайце яго, Дзіма! Мы зловім. Назавём ката Шанс і паселім у сябе».
Некалькі метраў палёту — і катафей прызямляецца на паланцін, пружыніць — і толькі яго і бачылі! Ірвануў за будынак райспажыўтаварыства з такой хуткасцю, нібыта і не правёў трое сутак у палоне. «Бессаромны, нават не падзякаваў Дзіму», — радасна смяяліся дзяўчаты, трымаючы ў руках кашачы корм, якім збіраліся пачаставаць выратаванца. Дарэчы, кот хатні, прыгожы. Цікава, чый? Гаспадары, напэўна, і не ведаюць, праз якое выпрабаванне прайшоў іх гадаванец… і пакарыцель вышыні Дзмітрый.
Як шмат атрымалася напісаць пра ката! Але галоўны герой публікацыі, як вы разумееце, зусім не ён, а Дзмітрый Мяшко. Звычайны пастаўскі хлопец, які авалодаў рэдкай прафесіяй — прамысловым альпінізмам.
— Займаюся будаўнічымі і рамонтнымі работамі, — расказваў Дзмітрый Мяшко. — Часта іх даводзіцца выконваць на вышыні. Таму і вырашыў авалодаць прамысловым альпінізмам. Новая справа падабаецца. Асабліва шмат заявак паступае на спілоўванне дрэў. Запатрабаваная і чыстка дымаходаў.
— Дзіма, няўжо не страшна працаваць на вышыні? — пытаюся ў хлопца.
— Безумоўна, страшна, — прызнаецца. — І чым вышэй, тым страшней. Работа вельмі небяспечная, але я пільна захоўваю тэхніку бяспекі, да драбніц пралічваю кожны свой рух.
Ката ён ратаваў упершыню. «Да ліку кашатнікаў не адношуся, — казаў. — Але калі жывёлінка трапіла ў бяду, як ёй не дапамагчы?» З братоў меншых аддае перавагу сабакам. Трымае таксу і лайку. Захапляецца паляваннем, у тым ліку падводным, і рыбалкай. Марыць скокнуць з парашутам, каб атрымаць выкід адрэналіну не толькі на вышыні ў працэсе работы, але і падчас адпачынку. Няхай жа яго мары збываюцца!
Фаіна Касаткіна
Фота Людмілы Зелянкевіч