Не бывае «Дыму» без агню
Знаёмцеся — гэта мядзведзь Локіс. Ён «нарадзіўся» ў жніўні 2019 года, калі ў Лынтупах праходзіў першы фестываль эксперыментальнай керамікі «Дым». У той дзень ніхто не трапляў у аб’ектыў фотаапарата часцей, чым гэты чалавеказвер. А значыць задума аўтараў увасоблена ў жыццё ідэальна.
Дарэчы, пра аўтараў. «Дым» сабраў на сваёй пляцоўцы 12 вопытных і прафесійных керамістаў з Беларусі, Расіі і Балгарыі. Напярэдадні фестывалю яны жылі ў Лынтупах на працягу двух тыдняў. За гэты час майстры не толькі стварылі з нуля дзясяткі найцікавейшых работ, але і правялі майстар-класы для ўсіх зацікаўленых.
Праграма «Дыму», які стаў феерычнай кропкай пленэру, была насычанай. Пра гэта паклапаціліся галоўныя арганізатары — керамісты з Мінска Дар’я Мандзік і Анастасія Мілаванава. Гасцей чакалі кірмаш рамеснікаў, прэзентацыя беларуска-польскага праекта «Смакі Беларусі», выстава «Маляваныя дываны», этнадыскатэка, канцэрт у мясцовым касцёле, аўтэнтычная гульня для моладзі «Яшчур», канцэрт гурта KRIWI, начное вогненнае шоу і іншыя яркія дзеі.
Адным з кульмінацыйных момантаў свята стала абпальванне глінянага мядзведзя (гэты працэс якраз і паказаны на здымку).
— Калі мы з мужам прыехалі на фестываль, дакладна не ведалі, якую фігуру будзем ствараць, — расказвала сааўтар скульптуры Кацярына Алімава. — Вызначальным у гэтым плане стала знаёмства з лынтупскім краязнаўцам Алесем Гарбулем, які ўразіў нас мясцовай легендай пра пярэваратня. «Локіс» у перакладзе з літоўскай мовы азначае «мядзведзь», а яшчэ гэта назва «страшнай» аповесці вядомага французскага пісьменніка Праспэра Мэрымэ. Дзеянні ў ёй адбываюцца ў літоўскай глыбінцы, мясціны па апісанні вельмі нагадваюць лынтупскі край. Уражаныя ўсімі гэтымі фактамі, мы вырашылі «ажывіць» чалавека-мядзведзя, надаўшы яму пры гэтым сучаснае аблічча.
Сёння Локіс знаходзіцца на тэрыторыі пагранзаставы «Лынтупы». Пра гэта папрасілі самі вайскоўцы: на сімволіцы Смаргонскай пагранічнай групы красуецца якраз мядзведзь. Арганізатары фестывалю згадзіліся перадаць скульптуру вартаўнікам Дзяржаўнай граніцы. Устанавілі яе ля аднаго з дамоў, дзе пражываюць афіцэры. Пазнаёміцца з гліняным пярэваратнем (і зрабіць з ім ну вельмі арыгінальнае сэлфі) можа кожны ахвотны.
Іна Сняжкова
Фота з архіва «Культыватара»